Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі накіраваў зварот да генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка ў сувязі з тым, што да асобаў, якія адбывалі адміністрацыйны арышт у турме на Акрэсьціна, не пускалі адвакатаў.
Апошнім часам адвакатаў не пусьцілі да палітыкаў Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Вячаслава Сіўчыка і Ўладзімера Някляева, якія адбывалі ці адбываюць на Акрэсьціна кароткатэрміновыя адміністратыўныя арышты.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што гэта «сьведчыць аб грубым парушэньні законных правоў асобаў, якія былі падвергнутыя адміністратыўным спагнаньням у выглядзе кароткатэрміновага пазбаўленьня волі (адміністратыўным арыштам), а менавіта права на абарону».
Паводле Бяляцкага, адмова адміністрацыі пэнітэнцыярнай установы ў допуску адвакатаў да сваіх падабаронных не дае ім магчымасьць скарыстаць усе законныя сродкі і спосабы для сваёй абароны і, у прыватнасьці, абскардзіць вынесеныя пастановы.
«Лічу, што дадзеная інфармацыя сьведчыць аб наўмысных дзеяньнях адміністрацыі ЦІП, скіраваных на супрацьдзеяньне аказаньню юрыдычнай дапамогі вышэйуказаным асобам», — сказаў кіраўнік «Вясны».
У заяве Алесь Бяляцкі просіць Аляксандра Канюка правесьці пракурорскую праверку і ў выпадку ўстанаўленьня фактаў парушэньня заканадаўства з боку службовых асобаў турмы на Акрэсьціна прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.