Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Проста цярпеньне лопнула». Крычаўскі міліцыянт, які напісаў ліст Шуневічу


Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, архіўнае фота
Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, архіўнае фота

Ініцыятар звароту да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча — крычаўскі міліцыянт Ігар Вусік у інтэрвію Свабодзе распавёў, што не выключае, што будзе звольнены з органаў унутраных спраў «па адмоўных матывах». Тое самае, на думку міліцэйскага падпалкоўніка, будзе і зь іншымі падпісантамі. Свае подпісы пад зваротам паставілі 11 супрацоўнікаў раённага аддзелу міліцыі.

У лісьце міліцыянты вінавацілі начальніка райаддзелу Станіслава Чупрына і яго намесьніка Васіля Ціханенку ў незаконных дзеяньнях. Скардзіліся, што кіраўніцтва патрабуе дзяліцца прэміямі, неабгрунтавана пераводзіць на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы, зьняважліва паводзіць сябе з падначаленымі.

«Я ведаю, што буду звольнены „па адмоўных матывах“. Падвядуць пад нешта, і буду звольнены. Цяпер не праблема звольніць. Тое ж самае будзе і з калектывам. Аднаго ўжо звольнілі (Юрыя Дзюбанава. — РС). За тое, што я яго адпусьціў з працы. Толку ня будзе, я думаю. Ня веру ў гэта», — лічыць Ігар Вусік.

Калі прагноз суразмоўцы спраўдзіцца, то яму ня ўдасца знайсьці працу ў Крычаве і нават у Беларусі.

«Што мне яшчэ давядзецца рабіць? У мяне тры малыя сыны. Крэдыт. Але я нават і на гэта не паглядзеў. Проста цярпеньне лопнула. Я ж не ад сябе пісаў, а ад калектыву. Цяпер прэсінг ідзе ня толькі на мяне як на кіраўніка, але і на ўчастковых супрацоўнікаў міліцыі», — кажа Ігар Вусік.

Міліцыянт ня верыць, што пасьля шырокага розгаласу ў мас-мэдыях адбудуцца пазытыўныя зьмены.

Зь ягоных слоў, раней міліцыянты скардзіліся ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму. Плёну ад гэтага звароту, кажа Ігар Вусік, не было. Тады ў лютым напісалі міністру. Была праведзена праверка, якая ня выявіла падставаў для крымінальнай справы супраць кіраўніцтва РАУС па фактах злоўжываньня ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі.

«Мы нават ня ведаем вынікаў разгляду — толькі на словах. З адказам нас ніхто не азнаёміў. У СМІ мы зьвярнуліся, каб на сытуацыю зьвярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Я нічога лішняга не казаў. Тое, што нехта з дапамогай мяне кішэню набіваў, то я і гэта сказаў. Прыехалі супрацоўнікі апарату МУС — мы і ім далі паказаньні. Мы рэальна казалі праўду пра тое, што грошы ў нас кралі, і з дапамогай нас», — кажа суразмоўца.

«Два з паловай месяцы гэтая праверка доўжыцца. І вынікаў мы ня ведаем, — дадае ён. — А тэрмін службовай праверкі — два месяцы. Калі ў ходзе праверкі выяўляюцца факты супрацьпраўных дзеяньняў, нейкіх злачынстваў, імгненна рэагуюць. А тут усё нармальна».

39-гадовы Ігар Вусік праслужыў у міліцыі больш за 20 гадоў.

«У мяне іншай прафэсіі няма. Я больш за палову жыцьця міліцыянт, то бок, акрамя як „палкай гумовай махаць“, больш нічога, па сутнасьці, ня ўмею. Адукацыя ў мяне толькі міліцэйская. Ішоў у міліцыю сьвядома. Прафэсія гэтая падабаецца. Але надышоў момант, і цярпеньне ў мяне лопнула».

Адказ на паўторны зварот крычаўскіх міліцыянтаў падпісаў міністар Шуневіч. У адказе гаворыцца, што падставаў не давяраць вынікам праверкі, якую праводзілі супрацоўнікі Ўпраўленьня ўласнай бясьпекі па Магілёўскай вобласьці, няма.

Ігар Вусік кіруе аддзелам аховы правапарадку і прафіляктыкі Крычаўскага райаддзелу міліцыі. Пад зваротам да міністра падпісаліся ўчастковыя міліцыянты.

Канфлікт у аддзеле міліцыі выклікаў шырокі грамадзкі водгук у Крычаве. Па словах рэдактара газэты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага, многія спачуваюць міліцыянтам, якія наважыліся паўстаць супраць начальства.

«Лічаць падпісантаў звароту, асабліва Вусіка, мужнымі людзьмі, — кажа пра настроі насельніцтва журналіст. — Ёсьць і іншыя меркаваньні, якія зводзяцца да простай думкі: «Няхай ваўкі грызуцца і надалей».

Паводле Сяргея Няроўнага, стаўленьне журналістаў «Вольнага гораду» да тых, хто напісаў міністру пра парадкі ў мясцовай міліцыі, няпростае. Многія зь іх, кажа ён, удзельнічалі ў перасьледзе журналістаў.

«І нам зразумела, чаму міліцыянты не зьвярнуліся да нас. Мы сочым за сытуацыяй і бачым, што яны пакуль змагаюцца не з сыстэмай, а з начальнікам райаддзелу міліцыі Чупрыным. Хочацца верыць у тое, што яны разумеюць, што насамрэч справа не ў Чупрыну. Бачна, што ў нас сыстэма ўлады такая, што абараніць свае правы ня могуць нават міліцыянты. Што ж тады казаць пра звычайных грамадзян, апазыцыю! Цяпер яны апынуліся ў скуры пакрыўджаных і зьняважаных. Калі палічаць неабходным зьвярнуцца да нас, то журналісты „Вольнага гораду“ гатовыя дапамагчы падпісантам звароту да міністра Шуневіча», — кажа Сяргей Няроўны.

На просьбу Свабоды пракамэнтаваць сытуацыю ў Крычаўскім РАУС намесьнік начальніка прэсавай службы, начальнік аддзелу ўзаемадзеяньня з электроннымі СМІ Міністэрства ўнутраных спраў Георгі Яўчар адказаў: «Сачыце за сайтам МУС».

У начальніка Крычаўскага РАУС Станіслава Чупрына ўзяць камэнтар пакуль не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG