Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На журналістаў з Глыбокага склалі 3 пратаколы за адно інтэрвію


Тацяна Смоткіна і Зьміцер Лупач
Тацяна Смоткіна і Зьміцер Лупач

Тацяну Смоткіну і Зьмітра Лупача міліцыя лічыць вінаватымі ў тым, што ўзялі інтэрвію і разьмясьцілі яго «ў кампутарнай сетцы на незалежным тэлевізійным сайце Belsat.eu» — так запісана ў пратаколе, складзеным на Тацяну Смоткіну.

На Зьмітра Лупача пратаколы склалі ажно два. Бо жыхары дома № 142 па вуліцы Леніна ў Глыбокім пасьведчылі, што аднойчы бачылі яго з кінакамэрай аднаго, а другім разам — у кампаніі са спадарыняй Тацянай Смоткінай, якая трымала мікрафон. Прычым журналісты апыталі толькі адну мясцовую жыхарку.

У пратаколах дакладна не ўказана, у які дзень журналісты бралі інтэрвію і калі разьмясьцілі яго «на незалежным тэлевізійным сайце». Але гаворка, відавочна, вядзецца пра матэрыял, які выйшаў на тэлеканале «Белсат» 13 красавіка — пра пяціпавярховік № 142 на вуліцы Леніна, у якім з часу пабудовы ніколі не было рамонту. Між тым у канцы відэасюжэту гучыць імя яго стваральніка — Сяргей Пятрухін. Аднак міліцыянтаў гэта не спыніла: пратаколы на Тацяну Смоткіну і Зьмітра Лупача ўжо складзеныя і журналісты чакаюць позваў у суд.

Тацяна Смоткіна, якая сама жыве ў гэтым доме і неаднаразова чула скаргі суседзяў на дзіравы дах, адразу сказала, што гатовая да суду, калі такім чынам будзе вырашана праблема з капітальным рамонтам. Аднак вінаватай у нейкім правапарушэньні спадарыня Тацяна сябе ня лічыць.

Спадар Зьміцер таксама не прызнае свае віны. Ён адзначае, што сюжэт, верагодна, «закрануў за жывое» глыбоцкую службу ЖКГ: на рамонт дому грошай няма, гаворыць праз тэлефон прадстаўніца гэтай структуры, а службовы будынак тым часам накрываюць новым дахам.

У 2015 годзе і Зьмітра Лупача, і Тацяну Смоткіну ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці паводле часткі 2 артыкулу 22.9, які фігуруе ў пратаколе і цяпер. Тады Глыбоцкі суд пакараў Тацяну Смоткіну за матэрыял «Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі», разьмешчаны на сайце беларускага радыё «Рацыя» (Польшча), а Зьмітра Лупача — за артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году», разьмешчаны на сайце «Эўрарадыё». Абое журналістаў атрымалі штрафы памерам 25 базавых велічынь, кожны за супрацоўніцтва з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі. Абскардзіць пастанову Глыбоцкага суду журналістам не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG