На працэсе над Вячаславам Касінеравым пачаліся судовыя спрэчкі. Прадстаўнік абвінавачаньня Яўген Серакоў лічыць, што віна Касінерава ў хуліганстве падчас працэсу была цалкам даказаная сьведкамі, відэазапісамі ды рэчавымі доказамі.
Хуліганства, якое, паводле пракурора, учыніў Вячаслаў Касінераў, накіраванае на зьнявагу грамадзтва і яго каштоўнасьцяў і груба парушае грамадзкі парадак. Таксама ўчынку Касінерава, паводле пракурора, уласьцівы «выключны цынізм».
Тое, што Касінераў зрабіў свой учынак у цёмны час сутак, паводле пракурора, сьведчыць, што ён разумеў супрацьпраўны характар сваіх дзеяньняў. Да таго ж ён да іх рыхтаваўся.
Довады Касінерава, што гарадавыя, як і супрацоўнікі НКВД ды гестапаўцы, былі катамі беларускага народу, — гэта, паводле пракурора, ягоная адгаворка, каб пазьбегнуць адказнасьці.
Пракурор мяркуе, што ўчынак Касінерава ня быў ухвалены грамадзтвам, пра што сьведчыць большасьць камэнтароў. Таксама, на думку пракурора, суд павінен улічыць той факт, што Касінераў нідзе не працуе.
У выніку пракурор папрасіў прызнаць Касінерава вінаватым паводле 1 часткі 339 артыкула Крымінальнага кодэксу і пакараць 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня — гэтак званай «хатняй хіміі».