Якое агульнае ўражаньне ад выступу Лукашэнкі у Нацыянальным сходзе.
Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.
Карбалевіч: Цяперашняе прэзыдэнцкае пасланьне, у адрозьненьне ад папярэдніх, праходзіла на зусім новым гістарычным і сацыяльна-палітычным фоне. Зьявілася новая прыкмета крызісу беларускай мадэлі. Эканамічны крызіс перарос у сацыяльны, тысячы людзей па ўсёй краіне выйшлі на вуліцы выказаць пратэст. І гэта стала адлюстраваньнем непрыманьня большасьцю насельніцтва сацыяльна-палітычнага статус-кво. Аляксандар Лукашэнка атрымаў цяжкую маральную і псыхалягічную траўму. Прыйшлося ўжываць грубую сілу, каб нэўтралізаваць пратэсты ягонага ўласнага электарату. І вось, ледзь акрыяўшы ад шоку, прэзыдэнт выйшаў на трыбуну. Можна было чакаць, што ён адыдзе ад звыклай схемы пасланьня, наважыцца на шчырую размову з народам, скажа, што я ведаю выхад з таго цяжкага становішча, у якім апынуліся ўсе мы, ідзіце за мной, я прапаную сур’ёзныя зьмены ў сваёй палітыцы. Але нічога гэтага не пачулі.
Народныя пратэсты апошнія два месяцы былі галоўнай падзеяй у краіне. За імі сачыла большасьць насельніцтва. Яны моцна палітызавалі грамадзтва, узбударажылі насельніцтва. Лягічна было б чакаць, што гэта і стане галоўным пытаньнем пасланьня.
Калі казаць пра тое, што ж прапануе прэзыдэнт у сэнсе выхаду з крызісу, акрамя таго каб біць дубінкай усіх па галаве, то нас чакала расчараваньне.
Але пра вулічныя акцыі Аляксандар Лукашэнка згадаў толькі ў тым кантэксьце, што іх і далей будуць жорстка душыць незалежна ад таго, як на гэта рэагуе Эўразьвяз. Будуць працягвацца рэпрэсіі і супраць СМІ, якія іх асьвятляюць.
Хоць скорагаворкай Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што «мы знаходзімся каля небясьпечнай рысы, ня зробім паўкрока наперад, баюся казаць, што адбудзецца». Незразумела толькі, хто вінаваты ў гэтым. Калі казаць пра тое, што ж прапануе прэзыдэнт у сэнсе выхаду з крызісу, акрамя таго каб біць дубінкай усіх па галаве, то нас чакала расчараваньне.
Варта адзначыць, што Лукашэнка нічога не казаў, не закрануў тэму Белага легіёну, якая мінулым тыднем была галоўнай у дзяржаўных мэдыях.
Цыганкоў: Мне, напрыклад, не чакалася ад Аляксандра Лукашэнкі чагосьці іншага. Вопыт назіраньня за ім паказвае, што якая б ні была сытуацыя ў краіне, якія б ні былі павароты ў замежнапалітычных і эканамічных справах, ён ніколі не прызнае памылковасьць свайго стратэгічнага курсу. Ён можа прызнаваць нейкія дробныя недахопы, але заўсёды і ў штогадовых пасланьнях, і ў інтэрвію паўтарае адно і тое ж — што курс на сацыяльную дзяржаву абраны правільна, замежнапалітычны з арыентаваньнем на Расею таксама.
Тое, што адбываецца ў краіне апошнія 2–3 гады, гэта цалкам можна назваць крахам сацыяльнай мадэлі, якую стварылі ў краіне ўлады.
Часам іранічна кажуць пра незалежных эканамістаў ці апазыцыйных палітолягаў, назіральнікаў, што яны ўвесь час прадвяшчаюць крах эканамічнай палітыкі ўладаў, а яго ўсё няма. Вядома, калі пад крахам мець на ўвазе, што людзі будуць жыць у пячорах, то гэтага мы, спадзяюся, не дачакаемся. Але тое, што адбываецца ў краіне апошнія 2–3 гады, гэта цалкам можна назваць крахам сацыяльнай мадэлі, якую стварылі ў краіне ўлады. 70% насельніцтва атрымлівае менш за афіцыйны сярэдні заробак. А гэтую сярэднюю лічбу, і так даволі невялікую, выцягваюць айцішнікі, транспартнікі, чыноўнікі. Палова працоўных атрымлівае на рукі ня больш за 500 рублёў. У рэгіёнах заробак, параўнальны з пэнсіяй — 250–300 рублёў — ужо для многіх лічыцца вельмі добрым. Або гэта ня крах, калі ўзровень жыцьця тры гады няспынна падае і цяпер ён нашмат горшы, чым у 2010 годзе? Усё гэта было па-за межамі гэтага пасланьня.
Аляксандар Лукашэнка ўжо не асьмеліўся вярнуцца да сваёй мэтафары пра астравок стабільнасьці, але было блізка. Вось, маўляў, вакол, у іншых краінах тэрарызм, эканамічныя праблемы. Толькі ў Беларусі спакойнае нармальнае жыцьцё, а праблемы толькі часовыя. Такім чынам, нягледзячы на тое, што сёньня адбываецца зь беларускай эканомікай, з гэтай самай сацыяльнай мадэльлю, на тое, што ўжо 60% студэнтаў плацяць за бясплатную вышэйшую адукацыю, усё больш людзей плацяць за бясплатную мэдыцыну, — усё гэта Лукашэнка выкідвае за дужкі, заяўляючы, што па-ранейшаму ў Беларусі ідзе будаўніцтва сацыяльнай дзяржавы. Хоць аб’ектыўна трэба прызнаць, што гэтая мадэль за апошнія 3–5 гадоў развалілася.
Глод: Я, як і Валер Карбалевіч, чакаў іншай танальнасьці прамовы. Сытуацыя зьмянілася прынцыпова. І, магчыма, тон пасланьня быў бы крыху іншы, калі б не апошняя падтрымка Лукашэнкі з боку Расеі. Мне падаецца, вырашэньне пытаньняў пра газ, нафту, крэдыты дадало Лукашэнку аптымізму. Ён думае, што можна весьці краіну ранейшым курсам, ранейшым шляхам.
Магчыма, тон пасланьня быў бы крыху іншы, калі б не апошняя падтрымка Лукашэнкі з боку Расеі.
Адметнасьць структуры сёлетняга звароту кіраўніка дзяржавы ў тым, што сёлета прамова пачалася зь бясьпекі. Прычын для гэтага, на мой погляд, дзьве.
Першая — няма чым хваліцца ў эканоміцы. Летась Лукашэнка публічна прызнаваўся, што ў апошнія 2–3 гады тэмпы разьвіцьця ў эканоміцы замарудзіліся. І хоць асноўную ролю, паводле кіраўніка дзяржавы, тут адыгралі зьнешнія фактары, трэба прызнаць і свае недапрацоўкі. Сёлета пра свае недапрацоўкі гаварылася менш. Галоўны вінаваты — Захад, які нібыта спэцыяльна зачыняе свае рынкі для беларускіх тавараў. Такім чынам, бачыцца жаданьне перапіхнуць на Захад віну за нізкія заробкі і высокія цэны.
Другая задача Лукашэнкі была пераканаць людзей, што бясьпека больш важная за ўзровень іхнага жыцьця. Цэны растуць, заробкі падаюць. Але ж, паводле Лукашэнкі, на сьвеце ёсьць і горшыя зьявы — напрыклад, тэрарызм. У Беларусі, на шчасьце, выпадкаў тэрарызму няма. І тут у Беларусі існуюць свае перавагі.
Я зьвярнуў увагу і на працягласьць пасланьня. Сёлета яно заняло 2,5 гадзіны. Летась пасланьне было самае кароткае — усяго 1,5 гадзіны. Як бачым, у 2017 годзе Лукашэнка вярнуўся да звыклай працягласьці. Мяне гэта не зьдзівіла, бо 2016 год быў толькі тым выключэньнем, якое пацьвярджае правіла.
Сёлета, як і летась, адказы на пытаньні дэпутатаў не трансьляваліся. У сёньняшнім нумары газэты «Народная Воля» кіраўніца прэсавай службы прэзыдэнта Натальля Эйсмант, адказваючы журналістцы выданьня, сказала, што рашэньне трансьляваць або не трансьляваць адказы на пытаньні будзе прынятае па ходу падзеяў. Але ўвечары, запэўніла спадарыня Эйсмант, людзі абавязкова гэта пабачаць. Дадам ад сябе, што пабачаць толькі пасьля таго, як перадачу падчысьцяць. Здаецца ж, дэпутаты, як кажуць, «правераныя людзі». Аднак, мабыць, каб нехта выпадкова не сказаў штосьці ня тое, вырашылі ў жывы эфір пытаньні не пускаць.
Ён па-ранейшаму хоча пераканаць людзей, што менавіта толькі ён быў, ёсьць і будзе галоўным змагаром з карупцыяй.
Для мяне было вельмі важным, ці вернецца сёньня Лукашэнка да тэмы пра магчымыя зьмены ў Канстытуцыю, пра што ён казаў мінулым годам. Не, пра гэта не гаварылася. Падобна, што намер ці пляны кіраўніка дзяржавы ўнесьці карэктывы ў Асноўны Закон краіны разьвіцьця не атрымаюць. А некаторыя ж вельмі спадзяваліся, што Беларусь нарэшце адважыцца калі не на цалкам партыйную, то хоць бы на зьмяшаную сыстэму выбараў.
І апошняе, што я адзначыў для сябе, слухаючы прамову Лукашэнкі. Ён па-ранейшаму хоча пераканаць людзей, што менавіта толькі ён быў, ёсьць і будзе галоўным змагаром з карупцыяй. Бачна, што гэты козыр, які Лукашэнка ўжывае яшчэ з 1994 году, калі ў Беларусі праводзіліся першыя прэзыдэнцкія выбары, захаваўся ў яго да сёньняшняга дня.