Гомельскі журналіст Яўген Меркіс, які робіць трансьляцыі для тэлеканалу «Белсат», чакае чарговага суду над сабой за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ», піша ён на Facebook.
Судзіць за стрым з акцыі «недармаедаў» у Пінску і інтэрвію з дэпутатам Ігарам Марзалюком у Магілёве Меркіса будуць 19 красавіка ў судзе Савецкага раёну Гомелю — там жа, дзе яго ўжо штрафавалі на 30 базавых велічыняў (690 рублёў) за стрым з акцыі «недармаедаў» у Рагачове.
Таксама 19 красавіка будуць судзіць у Першамайскім судзе Менску апэратара «Белсату» Алеся Любенчука: пасьля затрыманьня ў час ператрусу ў офісах «Белсату» ён нібыта нецэнзурна лаяўся ў аддзяленьні міліцыі.
Тым часам сума штрафаў журналістцы «Белсату» Ларысе Шчыраковай наблізілася да 2 тысяч даляраў. Апэратар «Белсату» Аляксандар Баразенка адбыў 15 сутак арышту нібыта за нецэнзурную лаянку ў час акцыі на Дзень Волі (скаргу аб тым, што адзінымі яго словамі былі «я журналіст», не задаволілі), у час зьняволеньня ён трымаў галадоўку.