Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская ўрадавая камісія заяўляе пра імаверны выбух самалёта пад Смаленскам у 2010-м


Польская ўрадавая камісія сьцьвярджае, што самалёт з прэзыдэнтам Польшчы праз выбух пачаў распадацца яшчэ ў паветры перад тым, як разьбіўся ля Смаленску ў 2010 годзе, у выніку чаго загінулі ўсе людзі на борце.

Папярэдняя выснова прызначанай урадам камісіі была агучаная 10 красавіка, у 7-ую гадавіну аварыі ля расейскага гораду Смаленск, калі загінулі прэзыдэнт Лех Качыньскі і яшчэ 95 чалавек.

Дэлегацыя, у склад якой уваходзілі ў тым ліку жонка Качыньскага, вышэйшае ваеннае кіраўніцтва Польшчы, і губэрнатар цэнтральнага банку Польшчы, ляцела ў Расею, каб ушанаваць памяць тысяч польскіх афіцэраў, расстраляных у Катынскім лесе савецкімі спэцслужбамі ў 1940 годзе.

Паводле расьсьледаваньня папярэдняга, цэнтрысцкага ўраду Польшчы, крушэньне ўрадавага самалёту савецкай вытворчасьці Ту-154 у густым тумане пры спробе прызямленьня было вынікам памылкі пілёта.

Але брат-блізьнюк Качыньскага Яраслаў заяўляў, што бартавы выбух мог выклікаць аварыю. Кіроўная партыя «Закон і справядлівасьць», якую ён узначальвае, пачала новае расьсьледаваньне інцыдэнту.

Цяперашнюю камісію, якая займаецца расьсьледаваньнем аварыі, узначальвае міністар абароны Антоні Мацерэвіч. Ён у мінулым месяцы абвінаваціў былога прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска, які цяпер ёсьць прэзыдэнтам Эўрапейскай Рады, у «дыпляматычнай здрадзе» ў сувязі з ранейшым расьсьледаваньнем.

Абвінавачваньні адкінулі як абуральныя як Туск, так і Расея.

«Многае паказвае на тое, што 10 красавіка 2010 году адбыўся выбух на борце ўрадавага самалёту», гаворыцца ў камэнтары, які суправаджае відэа, выпушчанае камісіяй 10 красавіка.

«У выніку праведзеных экспэрымэнтаў можна сказаць, што найбольш імавернай прычынай выбуху быў тэрмабарычны зарад, які выклікаў моцную ўдарную хвалю», дадаў ён.

Вацлаў Бэрчынскі, які кіруе групай польскіх дасьледнікаў, распавёў грамадзкаму тэлеканалу TVP-Info 10 красавіка, што Ту-154 «пачаў распадацца і губляць часткі ў паветры» і што дрэва, абрэзанае крылом самалёту, ня мела ўзьдзеяньня на крушэньне.

Камісія таксама паўтарыла абвінавачваньні, вылучаныя польскімі пракурорамі на мінулым тыдні, што расейскія авіядыспэтчары «наўмысна» накіравалі самалёт на няправільны шлях пасадкі. Пракуроры заявілі, што будуць абвінавачваць двух дыспэтчараў паветранага руху, у той час як Расея адкінула гэтыя абвінавачваньні.

Прэтэнзіі камісіі могуць узмацніць напружанасьць у адносінах паміж Варшавай і Масквой, якая не задаволіла запыты польскага боку аб вяртаньні абломкаў самалёту.

Расейскі бок кажа, што зрабіць гэта толькі пасьля завяршэньня свайго расьсьледаваньня аварыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG