Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ганьбілі мову, мацюкаліся, шукалі сувязі зь «Белым легіёнам» — вызваленыя маладафронтаўцы пра сьледчых і ахоўнікаў


1 красавіка з ізалятару на Валадарскага вызвалілі чатырох актывістаў «Маладога фронту», якіх падазравалі ў падрыхтоўцы да беспарадкаў паводле гэтак званай справы «Белага легіёну». Вышлі на волю Раман Васільеў, Зьміцер Крымянецкі, Арцём Леўчанка і Ўладзь Яроменак.

Актывісты сказалі, што іх статус падазраваных у справе застаецца, таму ім трэба будзе паведамляць ў міліцыю пра зьмену месца жыхарства, але пры гэтым адносна іх адмянілі такую меру стрыманьня, як ўтрыманьне пад вартай.

Дык чаго дамагаліся ад затрыманых сьледчыя?

Уладзь Яроменак: «Маладафонтаўцы, якія ўваходзяць ў групу „Ваяр“, зьбіраліся наладзіць ахову падчас акцыі на Дзень Волі, таму нас ўсё распытвалі, ці не было гэта зьвязана зь „Белым легіёнам“. Большасьць пытаньняў сьледчых выглядала вельмі дзіўна, бо таго „Белага легіёну“ даўно не існуе і з намі ніхто ніякіх інструкцый не праводзіў. Але было відаць, што ў іх пастаўленая задача нешта нарыць, вось і рыюць. Са станоўчых уражаньняў адзначу вось што: на „Валадарцы“ браў зь бібліятэкі беларускія кнігі, у тым ліку Якуба Коласа. Раней такога не было, толькі дэтэктывы трапляліся».

Арцём Леўчанка: «Паколькі не даваў падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы, дык магу паведаміць, пра што пыталіся сьледчыя: пра тое, ці былі зьвязаныя зь «Белым легіёнам», ці праводзілі яны нейкі інструктаж у Курапатах, пра Міраслава Лазоўскага распытвалі і гэтак далей. Казаў ім, што ня маю да «Белага легіёну» ніякага дачыненьня і ўвогуле, які «Легіён?» У 2008, калі ён самаліквідаваўся, мне было мала гадоў. Што я магу пра яго ведаць? Але ўсё распытвалі і распытвалі.

Супрацоўнік, капітан КДБ, дык ганьбіў беларускую мову, казаў, што ёй ў Беларусі наканавана зьнікнуць, навошта ты на ёй размаўляеш, дапякаў мяне, навошта зьвязаўся з «Маладым фронтам», зь «Белым легіёнам». Было непрыемна яго слухаць, а спрачацца немагчыма

Праўда, даволі культурна, зьвярталіся выключна на «вы». А вось калі затрымлівалі, дык спрабавалі выхоўваць. Супрацоўнік, капітан КДБ, дык ганьбіў беларускую мову, казаў, што ёй ў Беларусі наканавана зьнікнуць, навошта ты на ёй размаўляеш, дапякаў мяне, навошта зьвязаўся з «Маладым фронтам», зь «Белым легіёнам». Было непрыемна яго слухаць, а спрачацца немагчыма. Калі затрымлівалі, дык надзелі на галаву мяшок і гэтак шмат часу трымалі — відаць, такое абыходжаньне ў іх прадугледжана з такімі асабліва небясьпечнымі, як маладафронтацы. Дарэчы, спачатку пасьля затрыманьня нас хацелі накіраваць ў «Амэрыканку», у ізалятар КДБ, але чуў, што там ужо не было месцаў, дык адправілі на «Валадарку». Там трымалі ў адзіночках, абыходзіліся збольшага нармальна, вось толькі мацюкі іхныя... Лаюцца матам ўвесь час. І на вязьняў, і проста паміж сабой. І што вельмі прыкра, дык жанчыны-ахоўніцы мацюкаюцца яшчэ больш за мужчын. А яшчэ па-беларуску некаторыя проста не разумеюць. Прасіў люстэрка, каб пагаліцца, дык ахоўнік ня ведаў такога слова. «Ты б сразу сказаў, што табе трэба «зеркала».

Раман Васільеў: «Я адмовіўся даваць паказаньні, таму мне не задавалі пытаньняў пра „Белы легіён“. Чаму вырашылі прычапіць да гэтай справы „Малады фронт“? Магчыма, помсьцяць за Курапаты ды яшчэ трэба было стварыць выгляд нейкай масавай арганізацыі, якая нібыта рыхтавала беспарадкі, а „Бела легіён“ жа даўно не існуе, вось мы і спатрэбіліся. Ці быў хто з былых актывістаў „Белага легіёну“ ў Курапатах? Ды я іх большасьць асабіста і ня ведаю, мне тады было мо 10 год, калі яны існавалі. У Курапаты Міраслаў Лазоўскі прыходзіў проста як чалавек, каб падтрымаць. Магчыма, усяго два разы я яго там бачыў».

Чакалася, што 1 красавіка з «Валадаркі» таксама вызваляць актывіста «Маладога фронту» Сяргея Пальчэўскага. Іншыя актывісты, якія вызваліліся, згадвалі, што чулі ягонае прозьвішча ад ахоўнікаў у размовах пра тых, каго адпусьцяць.

Але на справе ўсё аказалася інакш. Раніцай да Сяргея Пальчэўскага быў выкліканы адвакат, у прысутнасьці якога актывісту выставілі абвінавачваньне па 3 частцы 293 артыкулу Крымінальнага кодэксу — аб навучаньні і падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Сяргей Пальчэўскі стаў дзясятым, пра каго вядома, што ім выставілі такія абвінавачваньні. Сярод гэтых дзесяці на «Валадарцы» і лідэр «Младога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG