Увечары 31 сакавіка з ізалятара часовага ўтрыманьня Гомеля вызваляюць блогера Максіма Філіповіча. Выйсьці з-пад варты ён павінен у 20:45.
Максім Філіповіч, які стаў мэдыйнай пэрсонай за сваю грамадзянскую актыўнасьць, адбывае «камбінаванае» пакараньне. 23 сакавіка Савецкі раённы суд Гомеля дадаткова арыштаваў яго на 5 сутак. Ён быў зьвінавачаны ва ўдзеле ў мірнай акцыі пратэсту ў Берасьці, справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Мохараў.
На той момант блогер ужо адбываў 14-суткавы арышт за ўдзел у акцыі пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 у Пінску. Неўзабаве ён абвясьціў галадоўку, якую спыніў 18 сакавіка.
Максіма Філіповіча затрымалі байцы АМАПу 13 сакавіка ў 20:45 у доме ягоных бацькоў у Гомельскім раёне. Максім трансьляваў сваё затрыманьне ў Facebook.
Раней, падчас акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 у Пінску, яго спрабавалі выкрасьці невядомыя.