Абноўлена: Міліцыя прызнала затрыманьне і ўжываньне сілы, Марук распавёў падрабязнасьці
Берасьцейскі партал realbrest.by паведаміў пра затрыманьне свайго рэдактара Дзяніса Марука. Паводле парталу, Марук прыйшоў у Ленінскі РАУС «на гутарку», але тут яго затрымалі.
«Нам вядома, што яго жорстка зьбілі, галавой аб сьцяну і падлогу, лыжкай сталовай расьціскалі зубы — так хацелі флэшку забраць. Пабітыя вочы, пашкоджаны рот, множныя ўдары галавы і цела», — сьцьвярджае яго супрацоўнік, зь якім Марук пасьпеў каротка паразмаўляць па тэлефоне. Большасьць дэталяў Раманюк ведае са словаў бацькоў.
Супрацоўнік сайту кажа Свабодзе, што Марук здымаў рэпартаж пра берасьцейскі «Марш недармаедаў» 5 сакавіка. Пасьля гэтага міліцыя тройчы спрабавала яго затрымаць, але яму ўдавалася пазьбегнуць затрыманьня.
Пазьней Марук выйшаў на волю і распавёў «Нашай ніве» пра затрыманьне: паводле яго словаў, яму пагражае адміністрацыйны арышт за непрыстойны жэст да «чалавека ў цывільным», які аказаўся міліцыянтам, яму таксама выпісалі штраф у 2 базавыя велічыні.
Марук кажа, што адмовіўся падпісваць абвінавачаньне, таму яго пачалі зьбіваць. Каб захаваць свае відэаматэрыялы, ён засунуў флэшку ў рот, міліцыянты спрабавалі дастаць флэшку, расьціскаючы яму зубы лыжкай.
У Ленінскім РАУС Берасьця ж паведамілі, што такі чалавек да іх не паступаў.