Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я думаю, што акцыя будзе адна і ніхто іншы, апроч мяне адказнасьць за яе нават ня будзе спрабаваць браць», — Мікола Статкевіч


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу і аргкамітэту «Маршу абураных беларусаў» Мікола Статкевіч пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды рашэньне партыйнага аргкамітэту правесьці акцыю на Дзень Волі ад Акадэміі навук да Кастрычніцкай плошчы.

Як будуць каардынавацца дзьве акцыі? Або гэта будзе адна акцыя? Ці існуе тут нейкая дамоўленасьць?

«Я думаю, што акцыя будзе адна, і ніхто іншы, апроч мяне, адказнасьць за яе з гэтых, каго вы назвалі аргкамітэтам, нават ня будзе спрабаваць браць.

Даруйце, давайце вернемся на зямлю. Пяць год, пакуль я сядзеў, гэтыя людзі ніводнага мітынгу ў цэнтры Менску не правялі. Ніхто зь іх ня мае досьведу, як і зь іх партыйных кіраўнікоў, акрамя аднаго Паўла Севярынца. За ўсё сваё палітычнае жыцьцё яны не правялі ніводнай несанкцыянаванай дэманстрацыі. Так што... І ніхто там ня рвецца асабліва.

Людзі малайцы, заяўнікі, што агучылі гэты маршрут да цэнтру. Дзякуй ім за гэта. Калі прыйдуць, то няхай павучацца, паглядзяць, мо ў нечым дапамогуць. Але ніякай неразьбярыхі ня будзе і быць ня можа.

Уся праблема штучная, таму што існуе адзіны рэальны аргкамітэт, які рыхтуе гэтую акцыю вельмі даўно. Гэта аргкамітэт БНК. Беларускі нацыянальны кангрэс у пачатку сьнежня заявіў пра намер правесьці гэтую акцыю і заклікаў да абʼяднаньня.

Празь месяц пасьля гэтага гэтыя заяўнікі падалі гэтую заяўку і, мабыць, самі вельмі перажываюць, у якую сытуацыю яны ўлезьлі. Бо яны не прагназавалі, у адрозьненьне ад нас, такой сытуацыі.

Але мы прагназавалі, мы гатовыя ва ўсіх сэнсах, і акцыя пройдзе кансалідавана, пад добрым кіраўніцтвам. Мы зробім усё мажлівае, і я ўпэўнены, што яна пройдзе негвалтоўна і мірна.

Яны палохаюць, а вы не палохайцеся

Улада цяпер нагнятае абстаноўку, спрабуе запалохаць людзей, і людзі павінны гэта разумець. Калі хочуць нейкіх жорсткіх дзеяньняў, то не палохаюць, а робяць гэта. У 2006 годзе палохалі, і Плошча ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў прайшла спакойна. У 2010 годзе ніхто не палохаў — і што атрымалася?

Таму рабіце высновы: яны палохаюць, а вы не палохайцеся. Бо яны палохаюць самі ад страху».

-- Але ёсьць разыходжаньне: канцавы пункт шэсьця, кажа партыйны аргкамітэт, — гэта Кастрычніцкая плошча...

«Гэта разыходжаньне абсалютна не істотнае. Бо людзі будуць ісьці, я думаю, пойдуць да канца. Мы былі ўжо на плошчы Незалежнасьці, і ня ведаю, чаму яна так палохае?

Але, урэшце, няма гарантыі, што будзе магчымасьць дайсьці да Кастрычніцкай плошчы. Магчыма, давядзецца мяняць маршрут.

Дзеля адзінства мы пагадзіліся на заяўлены на пачатку студзеня маршрут, але маршрут вельмі складаны. Калі б была мая воля, калі б мы не азіраліся на гэтае адзінства, то мы б сабраліся адразу ў цэнтры. У наступныя разы мы будзем так і зьбірацца ў тым жа цэнтры, на той жа Кастрычніцкай, як мы гэта рабілі 17 лютага.

Але вы перабольшваеце значэньне заяўнікаў і іх ролю. Ніхто зь іх ня рвецца ўзначаліць акцыю, ніхто зь іх не паспрабуе яе ўзначаліць і некуды весьці. Нават зь юрыдычнага гледзішча дазволу яны ня маюць — то хто яны тады?

Я падаў афіцыйнае паведамленьне, бяру на сябе адказнасьць. Я дзейнічаю па даручэньні Беларускага нацыянальнага кангрэсу, сваіх калегаў. Хто-небудзь зь іншых партый зрабіў такі крок? Зробіць — будзем размаўляць».

Мікола Статкевіч паведаміў, што сваю заяву ў Менгарвыканкам падрыхтаваў за пяць дзён, 20 сакавіка.

«Але ў сувязі з парушэньнем закону чыноўнікамі Менгарвыканкаму, якія не далі адказ заяўнікам, рашэньне аб дазволе пратэставаць супраць рэжыму, я мусіў затрымаць гэтую заяву, каб мая заява не была выкарыстана супраць іхняй. Але цяпер, калі іх перанесьлі ўжо на пятніцу ўвечары, калі ясна, што на закон яны ўсе плююць, я проста даю ход сваёй заяве».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG