Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Можа, гаворка не пра клюб „Патрыёт“? Я ня веру ў гэта» — бабруйская чыноўніца


У некаторых СМІ і сеціве зьявілася інфармацыя пра затрыманьне ўдзельнікаў спартова-патрыятычнага клюбу «Патрыёт» з Бабруйску.

Называюцца прозьвішчы некаторых гадаванцаў клюбу — Андрэя Дундукова, які цяпер працуе ратавальнікам у МНС, Яна Міхалькова — сына кіраўніка клюбу Мікалая Міхалькова, ды іншых. Клюб «Патрыёт» афіцыйна зарэгістраваны і працуе пры Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі Ленінскага раёну.

Свабода зьвязалася з намесьніцай начальніка аддзелу адукацыі, спорту і турызму Ленінскага раёну гораду Бабруйску Аленай Мельнік. Пра затрыманьні яна даведалася ад нашай карэспандэнткі і была вельмі зьдзіўленая:

— Клюб «Патрыёт» мы характарызуем толькі вельмі добра, толькі са станоўчага боку. Пачатковая вайсковая падрыхтоўка, займаюцца ў асноўным хлопцы, але ёсьць і дзяўчаты. Характарызуем вельмі добра.

— А ці чулі вы, што ў Менску затрымалі дарослых былых гадаванцаў клюбу і што ім інкрымінуюць вельмі сурʼёзныя справы...

— На жаль, нічога ня чулі. Я першы раз ад вас гэта чую. У нас ніколі ніякіх пытаньняў і праблем зь імі не было. Справа ў тым, што яны адгукаюцца на любыя просьбы, калі трэба дапамагчы пажылым людзям, і дроваў наколюць, і сьнег пачысьцяць, займаюцца валянтэрскай дзейнасьцю. Таму для мяне дзіўна. Можа, гэта ўсё ж неўдакладненая інфармацыя? Можа, гаворка ідзе не пра наш клюб? Я спадзяюся на гэта. Кіраўнік гэтага клюбу — Мікалай Міхалькоў.

— Прайшла інфармацыя, быццам бы ягонага сына Яна затрымалі...

— Нічога не магу сказаць. Сын, наколькі я ведаю, вучыцца ў вайсковай акадэміі. Я дакладнай інфармацыяй не валодаю. З кіраўніком клюбу Мікалаем Міхальковым і з моладзьдзю ў нас ніколі ніякіх праблем не ўзьнікала. Кіраўнік — вельмі сурʼёзны, станоўчы чалавек. Таму для мяне дзіўна тое, што вы кажаце. Я чамусьці схільная ня верыць гэтаму. Давайце пачакаем, што будзе далей. Але я ня веру ў гэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG