Юрась Зянковіч, адвакат са штату Калярада, праз электронную пошту зьвярнуўся да генэральнага пракурора Беларусі з патрабаваньнем правесьці праверку па факце затрыманьняў некалькіх дзясяткаў чалавек да і пасьля акцыі 15 сакавіка ў Менску, Горадні і Магілёве.
Зянковіч акцэнтуе ўвагу на тым, што затрыманьні праводзілі людзі, апранутыя ў цывільнае, не прадстаўляючыся і не паказваючы службовых пасьведчаньняў.
«Падчас вашай прэс-канфэрэнцыі 17 сакавіка 2017 году вы заўважылі, што да вас не паступала заяў з просьбай правесьці падобную праверку. Прашу Вас у рамках адказу на гэты зварот выказаць вашае афіцыйнае стаўленьне па наступных пытаньнях:
1. Ці маецца склад злачынства ў дзеяньнях службовых асобаў МУС, якія, ня быўшы ў форме, не прадстаўляючыся, не прад’яўляючы службовых пасьведчаньняў, не даючы ніякім чынам ведаць пра сваю прыналежнасьць да праваахоўных органаў, прымяняюць фізычную сілу ў дачыненьні да грамадзянаў, у тым ліку запіхваюць іх у аўтамабілі без спэцыяльных апазнавальных знакаў і вывозяць і зь месца захопу?
2. Ці мае грамадзянін Рэспублікі Беларусь права на самаабарону супраць падобных дзеяньняў? Якія межы гэтай самаабароны, на думку Генэральнай пракуратуры, зьяўляюцца апраўданымі ў падобных абставінах?
3. Якія захады пракурорскага рэагаваньня будуць прынятыя Генэральнай пракуратурай супраць падобных грамадзянаў, якія нападаюць на іншых грамадзянаў? Ці зьяўляецца ў гэтым выпадку апраўданай мера „прадстаўленьне пра адстаўку міністра ўнутраных спраў“, у падначаленьні якога знаходзяцца гэтыя супрацоўнікі, што ажыцьцявілі гвалтоўны захоп грамадзянаў зь яўнымі парушэньнямі дзейнага заканадаўства?»
Камэнтуючы Свабодзе свой зварот, Юрась Зянковіч зазначыў:
«Нашае грамадзтва, нашыя традыцыі не прымаюць тых, хто не выконвае прынятых правілаў. Беларусы салідарныя ў тым, што любая ўлада, любыя грамадзяне павінны дзейнічаць строга паводле правілаў. А тых, хто правілы парушае, нашае грамадзтва не прымае і будзе дабівацца пакараньня. Сёньня сытуацыя такая, што мы павінны патрабаваць дзьвюх рэчаў: міністра Шуневіча — у адстаўку, а ягоных „шунявак“ — пад суд».