Больш за гадзіну цягнулася гутарка ўдзельнікаў акцыі са старшынём Слонімскага райвыканкаму Алегам Таргонскім. Чыноўніку задавалі шмат прыватных пытаньняў, зьвязаных са звальненьнямі канкрэтных асобаў і немагчымасьцю ўладкавацца на працу. Таксама людзей вельмі абурае стан дарог у горадзе і недахоп мэдыцынскіх устаноў.
Падрабязьней пра акцыю тут
Арганізатар затрыманы, хоць старшыня райвыканкаму і абяцаў заступіцца
У размове з пратэстоўцамі старшыня слонімскага райвыканкаму паабяцаў заступіцца за кожнага ў выпадку рэпрэсій за ўдзел у акцыі «Марш недармаедаў».
Пасьля мітынгу быў затрыманы адзін з арганізатараў «Маршу недармаедаў» у Слоніме Віктар Марчык.
Запіс відэатрансьляцыі з акцыі ў Слоніме:
Старшыня райвыканкаму выслухаў пытаньні, але адказаць на іх ня змог
Людзі размаўлялі з Алегам Таргонскім зь недаверам і нават са злосьцю, але ён у адрозьненьне ад сваіх калегаў з Воршы, Горадні, Берасьця і іншых гарадоў, дзе адбываліся «Маршы недармаедаў», застаўся з пратэстоўцамі на вуліцы і выслухаў большасьць пытаньняў.
Адказваючы на іх, чыноўнік запрашаў удзельнікаў мітынгу на асабістыя прыёмы, падкрэсьліваючы, што «так зможа дэталёвы вывучыць праблему кожнага». Ён прызнаў, што ў Слоніме ёсьць праблемы зь дзіцячай паліклінікай і дарогамі: «Гэтыя праблемы ёсьць і вырашаць іх вельмі складана», — сказаў Таргонскі.
Ён падкрэсьліў, што дзеяньне дэкрэту № 3 прыпыненае, улады спрабуюць вырашыць праблему беспрацоўя.
«Няма даверу да чыноўнікаў, ня верым Таргонскаму, усё вырашаецца наверсе. Усё вырашае Лукашэнка», — казалі людзі на мітынгу.
«Хто ў Слоніме працуе, ня можа зарабіць больш за 200 рублёў»
Удзельнікі акцыі выказалі абурэньне тым, што за апошнія гады ў горадзе закрыўся шэраг прадпрыемстваў: аўтарамонтны завод, «Тэкстыльнік», «Пух-пяро», «Сельгастэхніка», іншыя прадпрыемствы істотна скарачаюць супрацоўнікаў. Тыя, хто пакуль працуе, ня можа зарабіць больш за 200 рублёў, таму мужчыны вымушаныя кідаць сем’і і ехаць на заробкі ў Расею.
Высунута патрабаваньне новай эканамічнай палітыкі і свабодных выбараў
Вынікам мітынту стала галасаваньне за рэзалюцыю, у якой высунуты шэраг эканамічных і палітычных патрабаваньняў.
Так, сланімчане запатрабавалі прыняць новы эканамічны курс у Беларусі: адмяніць дэкрэт № 3, стварыць новыя працоўныя месцы, спыніць рост цэнаў і камунальных плацяжоў, вярнуць у Беларусі вяршэнства Канстытуцыі, а не антызаконных дэкрэтаў. Палітычнае патрабаваньне — правесьці свабодныя выбары.
Таксама ўдзельнікі акцыі запатрабавалі адмяніць прымусовыя кантракты, даць годныя заробкі працоўным, стварыць умовы для разьвіцьця прыватнага прадпрымальніцтва, спыніць павышэньне пэнсійнага ўзросту. Асобна ў рэзалюцыі адзначана, што ўдзельнікі мітынгу патрабуюць ад дзяржаўных СМІ праўдзівай інфармацыя пра эканамічную і сацыяльную сытуацыю ў Беларусі, а таксама вярнуць «Газэту Слонімскую» у сыстэму распаўсюду «Белсаюздрук» і «Белпошта».
За рэзалюцыю прагаласавалі адзінагалосна.