Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны рэжысэр Максім Буйніцкі: «Мой найлепшы фільм — стрым з плошчы»


Максім Буйніцкі з маці Тамарай
Максім Буйніцкі з маці Тамарай

Кінарэжысэру з Бабруйску Максіму Буйніцкаму за інфармацыю ў сацсетках пра мітынг недармаедаў 12 сакавіка далі 15 сутак.

Максіма Буйніцкага затрымалі ў гадзіну ночы 11 сакавіка пасьля расклейкі ўлётак пра мітынг «недармаедаў», і з таго часу трымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ды вазілі на допыты й суды.

Наглядчык сказаў, што паглядзеў мае фільмы, гэта вельмі кранула.

— Браў мяне магілёўскі АМАП, — распавёў Максім Буйніцкі. — Паводзілі яны сабе карэктна. А ў ізалятары наглядчык сказаў, што паглядзеў мае фільмы, гэта вельмі кранула.

Інкрымінавалі Максіму аж тры правапарушэньні — ад стандартнага «гучна крычаў, размахваў рукамі» да вельмі рэдкага «пашкоджаньне фасадаў будынкаў», а таксама залічылі яго ў арганізатары мітынгу. Прычына — пару разоў ён падзяліўся ў сацыяльных сетках абвестаміі пра меркаваны час мітынгу (пра акцыю 26 лютага Максім пісаў ці камэнтаваў куды больш часта і прыкметна, але цягам працэсу міліцыянты на мінулы мітынг забыліся й засяродзіліся на 12 сакавіка). Падпалкоўнік Рудзько, адказны з боку міліцыі за справы ўсіх затрыманых, на працэсах раскрыў сакрэт свайго посьпеху ў вышуку завадатараў пратэстаў: кожны ягоны рапарт пачынаўся са слоў «Праводзячы маніторынг інтэрнэту, знаходзячыся ў службовым кабінэце па адрасе...» А ў якасьці доказу, што Буйніцкі сапраўды арганізатар мітынгу, падпалкоўнік Рудзько прад’явіў копію старонкі «Сустрэчы» «ЎКантакце», дзе так і напісана: «Арганізатар — Максім Буйніцкі». Як вядома ўсім карыстальнікам сацсетак, як толькі вы ствараеце любую суполку ці сустрэчу, вы там аўтаматычна пазначаецеся арганізатарам — гэтай старонкі ў інтэрнэце, а не падзеі.

У знак пратэсту супраць арышту і абвінавачваньняў Максім абвясьціў галадоўку, трымаў яе да суду і паабяцаў трымаць да вызваленьня. Суд над ім мусіў адбыцца 16 сакавіка, але раптоўна адбыўся раніцай 15-га. Ягонай маці, якая выступала ў якасьці абаронцы, позву прынесьлі раніцай, яшчэ не было 7 гадзінаў.

— Стаю, размаўляю зь міліцыянтам, і толькі тут звоніць будзільнік, — кажа спадарыня Тамара. — Я думала, мяне на размову выклікаюць. Суд жа на заўтра быў прызначаны, я думала, падрыхтуюся яшчэ.

І толькі калі ў працэсе быў абвешчаны перапынак на падрыхтоўку прысуду і Максім з маці выйшлі ў калідор, а потым і ў двор да групы падтрымкі, і пайшла пагалоска, што суд адбыўся, спадарыня Тамара ўголас усклікнула: «Дык гэта быў суд?!»

Максім сказаў, што вельмі хацеў бы зьняць фільм пра гэтыя падзеі, уздым бабруйчан яго вельмі натхніў.

— А найлепшы мой фільм — гэта стрым з плошчы 26 лютага.

Улады далі Максіму Буйніцкаму час спакойна падумаць над будучым фільмам і набраць яшчэ матэрыялу — прысудзілі яму 15 сутак арышту.

— Вось у гэткі час няправільны я яго нарадзіла, — расплакалася маці, — што даводзіцца змагацца.

Галоўнае, што адбыўся мітынг. Пасьля гэтага можна трошкі й пацярпець.

— Вельмі прыемна адчуваць салідарнасьць, — аддзячыў Максім групе падтрымкі. — І галоўнае, што адбыўся мітынг. Гэта галоўнае, і вельмі натхняе. Пасьля гэтага можна трошкі й пацярпець.

Асуджаныя і група падтрымкі ля Бабруйскага суду
Асуджаныя і група падтрымкі ля Бабруйскага суду

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG