Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Анісім: затрыманьні жанчын-журналістак абуральныя


Алена Анісім
Алена Анісім

14 сакавіка дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім адправіла лісты міністру інфармацыі і старшыні Вярхоўнага Суду з нагоды затрыманьняў, арыштаў і штрафаў у дачыненьні да дзясяткаў журналістаў з розных выданьняў.

Алена Анісім піша, што «як былы рэдактар незалежнага выданьня, газэты «Новы час», яна ня можа зразумець сутнасьці правапарушэньняў, у якіх вінавацяць журналістаў:

«Кіраўнік краіны ясна выказаўся за тое, каб жыхары ў розных гарадах мелі права выйсьці на гарадзкія плошчы і свабодна сказаць пра свае праблемы. Журналісты дзейнічалі ў адпаведнасьці са сваімі прафэсійнымі абавязкамі і інфармавалі грамадзкасьць краіны і органы ўлады пра сытуацыю ў розных гарадах. Затрыманьне і прыцягненьне іх да адказнасьці за прафэсійную дзейнасьць у любым выпадку выходзіць за межы заканадаўства. Асабліва абуральным выглядаюць такія факты ў дачыненьні да жанчын-журналістак», — кажа Анісім у звароце да міністаркі інфармацыі Ліліі Ананіч і просіць яе зрабіць захады дзеля абароны пацярпелых журналістаў.

Зьвяртаючыся да старшыні Вярхоўнага Суду Сукалы, Анісім патрабуе адказаць, «на падставе якіх заканадаўчых актаў былі асуджаныя журналісты, якія дзейнічалі ў адпаведнасьці са сваімі прафэсійнымі абавязкамі».

«Прыцягненьне іх да адказнасьці і тым больш судовае пакараньне (у тым ліку значныя грашовыя штрафы) не спрыяе паляпшэньню агульнай сытуацыі ў краіне і шкодзіць міжнароднаму іміджу. Складваецца ўражаньне, што за гэтым рашэньнем стаяць людзі, якія не жадаюць дзейнічаць на карысьць нашай дзяржавы ў адпаведнасьці з распараджэньнем кіраўніка краіны, а перасьледуюць іншыя інтарэсы».

13 сакавіка ў Воршы адбыліся суды над журналісткай Свабоды Галінай Абакунчык ​ і карэспандэнткай тэлеканалу «Белсат» Кацярынай Бахвалавай. Абедзьве былі затрыманыя падчас акцыі пратэсту 12 сакавіка ў Воршы і аштрафаваныя на 25 і 30 базавых велічыняў адпаведна. Усяго 12 сакавіка былі затрыманы 19 журналістаў і блогераў. 13 сакавіка быў асуджаны на 13 сутак адміністратыўнага арышту вядомы гомельскі блогер Максім Філіповіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG