Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя напісала актывісту, што супраць яго завялі адміністрацыйную справу, якую спынілі


Станіслаў Паўлінковіч
Станіслаў Паўлінковіч

У дзеяньнях сябра аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» з Магілёва Станіслава Паўлінковіча адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэньня. Пра гэта актывісту паведамілі лістом зь Ленінскага аддзелу міліцыі Магілёва.

Як вынікае зь ліста, вінавацілі Паўлінковіча ў парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Акрамя даты спыненьня адміністрацыйнай справы — 1 сакавіка — іншых падрабязнасьцяў у лісьце, які падпісаў намесьнік начальніка райаддзелу міліцыі Юры Калацілкін, няма. Азнаёміцца з матэрыяламі справы, сказана ў лісьце, Паўлінковіч можа ў міліцыі.

Сам жа Станіслаў Паўлінковіч мяркуе, што адміністрацыйны працэс супраць яго быў распачаты за рэпост закліку да ўдзелу ў «Маршы абураных беларусаў». Гэтая акцыя пратэсту супраць дэкрэту пра дармаедаў адбылася ў Менску з ініцыятывы Беларускага нацыянальнага кангрэсу 17 лютага.

Станіслаў кажа, што два тыдні таму яму тэлефанавалі зь міліцыі і прасілі прыйсьці на гутарку, але ён адмовіўся.

«Я пастрашыў яго тым, што прыйду на гутарку з журналістамі, адвакатам і з позвай. Больш мне ніхто не званіў і не паведамляў, што супраць мяне распачаты адміністрацыйны працэс. Нават неяк сьмешна выглядае: захацелі — справу распачалі, захацелі — спынілі. Так можна пасадзіць і адразу апраўдаць», — кажа актывіст.

Станіслаў кажа, што не зьбіраецца спыняць распаўсюд абвестак пра акцыі пратэсту і сам мае намер у іх удзельнічаць.

У 2016 годзе на Станіслава Паўлінковіча заводзілі адміністрацыйную справу за перапост паведамленьня Мікалая Статкевіча з заклікам на акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў» 12 верасьня ў Менску. Да суду тую справу не давялі.

Сёлета 7 сакавіка Станіславу выставілі абвінавачаньне ў разьмяшчэньні ў інтэрнэце відэароліка парнаграфічнага зьместу. Па гэтым факце крымінальнай справы не заводзілі, але актывіст цяпер у статусе падазраванага.

Міліцыя правяла на ягонай кватэры ператрус, забрала кампутар. Даваць паказаньні Станіслаў адмовіўся. Настойвае, што не рабіў таго, у чым яго вінавацяць.

Па ягоных словах, нагодай для абвінавачаньня стаўся відэаролік, які разьмясьцілі ў інтэрнэце шэсьць год таму. У міліцыі гэты фільм яму не паказалі, толькі скрыншот.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG