Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Паўлінковіч на волі. Яго падазраюць у распаўсюдзе парнаграфіі.


Станіслаў Паўлінковіч
Станіслаў Паўлінковіч

Сябра аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіслава Паўлінковіча вінавацяць у разьмяшчэньні ў інтэрнэце відэароліка парнаграфічнага зьместу.

Паводле Станіслава, крымінальная справа супраць яго не заведзеная, але ён застаецца ў статусе падазраванага. У яго забралі кампутар з маніторам і спрабавалі ў Ленінскім аддзеле міліцыі ўзяць паказаньні. Абвінавачаньняў актывіст не прызнае.

«Ад дачы паказаньняў я адмовіўся, у чым расьпісаўся. Я ім казаў, што я ня той чалавек, які будзе распаўсюджваць парнаграфію. Сам ролік мне не паказалі, толькі скрыншот. Як мне сказалі, ролік разьмясьцілі ў інтэрнэце 6 год таму, а матэрыял ім прыйшоў толькі 17 лютага», — сказаў журналісту Станіслаў, як толькі выйшаў зь міліцыі. Паводле актывіста, 17 лютага ён быў у Менску на акцыі пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах.

«Два тыдні таму мне тэлефанаваў міліцыянт і спрабаваў выклікаць мяне на гутарку пра рэпост „закліку да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве“. Я сказаў, каб мне дасылалі позву. Позваў ніякіх не было. І цяпер раптам да мяне наведваюцца з абвінавачаньнем у распаўсюдзе парнаграфіі. Спрабуюць „прышыць“ мне гэтую справу. Міліцыянты пераконвалі, што іх палітыка не цікавіць», — кажа Станіслаў Паўлінковіч.

У Ленінскім аддзеле міліцыі актывіст прабыў крыху больш за гадзіну.

У 2016 годзе на Станіслава Паўлінковіча распачыналі адміністрацыйную справу за перапост паведамленьня Мікалая Статкевіча з заклікам на акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў» 12 верасьня ў Менску. Да суду гэтую справу не давялі.

Актывіста запісалі ў «дармаеды» і абавязвалі сплаціць падатак у 360 рублёў паводле дэкрэту № 3. Станіслаў казаў, што рабіць гэтага ня будзе. На сваіх старонках у сацыяльных сетках ён зьмяшчаў абвесткі пра акцыі пратэсту супраць дэкрэту «аб дармаедах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG