Усталяваныя ў Курапатах ахоўныя зоны мэмарыялу «ніякім чынам не прыводзяць да страты значнасьці месца памяці». Пра гэта заявіў БЕЛТА неназваны прадстаўнік Міністэрства культуры.
Гэты артыкул зьявіўся пасьля заявы дэпутата Ігара Марзалюка аб «прамой віне Міністэрства культуры» ў канфлікце будаўнікоў і абаронцаў Курапатаў.
Прынятыя ў 2004 годзе межы ахоўных зонаў вызначаліся як часовыя да распрацоўкі дэталёвага пляну забудовы. Той плян быў распрацаваны ў 2013 годзе, таму скасоўваў старую схему ахоўных зонаў, сьцьвярджаюць у міністэрстве. У сувязі з гэтым, а таксама тым, што «будаўніцтва МКАД на ўчастку ўрочышча Курапаты і іншая горадабудаўнічая дзейнасьць на прылеглай тэрыторыі прывялі да зьмены характару навакольнага асяродзьдзя і плянавальнай структуры», у жніўні 2013 году (пасьля аўкцыёну па продажы пляцоўкі пад будаўніцтва-2017, які прайшоў у чэрвені 2013 году. — РС) Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў дасьледаваньні паміж лясным масівам і межамі ахоўнай зоны мэмарыялу, заяўляе Мінкульт.
Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не
Прапановы па новых ахоўных зонах разглядаліся на двух паседжаньнях рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Таму праект ахоўных зонаў быў зацьверджаны Мінкультам паводле дакумэнтацыі, прадстаўленай распрацоўнікамі (ІП Вадзім Гліньнік на замову «Менскграда»). А ў сувязі з тым, што будаўніцтва-2017 вялося па-за межамі ахоўнай зоны (участак быў прададзены тады, калі ён уваходзіў у ахоўную зону. — РС), прыняцьце рашэньняў аб магчымасьці будаўніцтва на ўчастку знаходзіцца па-за межамі кампэтэнцыі Міністэрства культуры, заключылі ў ведамстве, па словах неназванага прадстаўніка Мінкульту.
Пра тое, што новыя межы ахоўных зонаў былі прынятыя Міністэрствам культуры пасьля таго, як у ахоўнай зоне быў прададзены ўчастак пад будоўлю-2017, а таксама пасьля парушэньня ахоўнай зоны будоўляй «Бульбаш-холу» ў 2012 годзе, Мінкульт ня згадвае.
На ўчастку, дзе вялася будоўля, раскопкі не праводзіліся
Раскопкі, пра якія заяўляе Мінкульт, сапраўды праводзіліся ў жніўні 2013 году, але ішлі яны не на ўчастку будоўлі-2017, прададзеным да таго на аўкцыёне, а па іншы бок ад цяперашняй МКАД, каля так званай «дарогі сьмерці» — на ўсход ад народнага мэмарыялу. Гэта пацьвярджае Свабодзе археоляг Вадзім Кошман, які вёў тое дасьледаваньне. На тым участку, дзе вялася будоўля-2017, раскопкі ў 2013 годзе не праводзіліся.
Але на ўчастку будоўлі-2017, кажа Кошман, няма ніякіх пахаваньняў — гэта зразумела з работ 2001 году, геалёгіі і стратыграфіі (разьмяшчэньня культурных пластоў і прыкметаў перакопваньня. — РС). З тым, што менавіта на ўчастку наўрад ці ёсьць пахаваньні, пагаджаюцца на падставе тых дасьледаваньняў старшыня рады Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч і археоляг Валянціна Вяргей. Вяргей удакладняе: на ўчастку будоўлі-2017 у 2001 годзе менавіта раскопак не было, праводзілася толькі візуальнае дасьледаваньне, але і яму верыць можна.
Астаповіч зьвяртае ўвагу на тое, што прадпрымальнікам Гліньнікам былі вызначаныя «найбольш прымальныя» межы ахоўных зонаў, у якія ўваходзіў участак будоўлі-2017, прададзены на аўкцыёне-2013. Прапановы Гліньніка былі зробленыя, кажа Астаповіч, у тым ліку на падставе археалягічных дасьледаваньняў і даваенных тапаграфічных матэрыялаў — апошнія ў тым ліку давала Таварыства аховы помнікаў. Гэтыя прапановы былі разгледжаныя на радзе Мінкульту, былі зробленыя дапрацоўкі і ўзгадненьні.
А тое, што з прапанаваных Гліньнікам зонаў быў выключаны ўчастак будоўлі-2017, — «гэта асобная гісторыя», кажа Астаповіч. Ён мяркуе, што ў гэтай справе «ўключыўся рэсурс гарвыканкаму»: апошні нібыта настойваў выключыць участак з ахоўнай зоны, а бяз згоды гарвыканкаму новых ахоўных зонаў не прынялі б. У ранейшых скаргах у КДБ і Галоўэкспэртызу ён зьвяртаў увагу на тое, што архітэктурна-будаўнічы праект быў распрацаваны без дазволу Міністэрства культуры, а затым быў зацьверджаны, усё яшчэ без дазволу Мінкульту, Дзяржаўнай будаўнічай экспэртызай.
Курапацкая варта. 15 дзён абароны ў фота
Вяргей жа дадае: 7 сакавіка праходзіў круглы стол па тэме Курапатаў з удзелам больш як 10 партыяў і арганізацыяў, на якім падрыхтавалі прапанову да Мінкульту: перад мэмарыялізацыяй Курапатаў зацьвердзіць межы ахоўнай зоны такімі, якія яны былі да перапрацоўкі, за выключэньнем пасёлку «Сонечны». Матэрыялы зьбіраюцца накіраваць у Мінкульт 9 сакавіка. Таксама плянуецца зварот да дэпутата Марзалюка як да старшыні парлямэнцкай камісіі па навуцы і культуры.