Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве часткі тэлеспэктаклю АНТ: шоў пра «радыкалаў»


Што перадалі ўлады грамадзянам праз ток-шоў «Справа прынцыпу»?

Што ў адмоўным эфэкце дэкрэту «пра дармаедзтва» вінаватыя чыноўнікі. А народ — ахвяра іх кепскай дзейнасьці. Што «сытых гадоў» ужо ня будзе. Народ заблукалы, але мае права на пратэст. Пратэстамі карыстаюцца нядобрыя людзі — радыкалы.

Тэма «радыкалаў» яшчэ больш выразна прагучала ў другой частцы перадачы, прысьвечанай Курапатам. Вядоўца Вадзім Гігін: «Усім радыкалам варта нагадаць: Беларусь не Ўкраіна, Лукашэнка не Януковіч. У нас Майдан, такі, які ён быў там, ня пройдзе!».

А які пройдзе? Ці не перабольшвае тэлевядоўца і палітычны аглядальнік ад улады моц і патэнцыял пратэставых настрояў? Далей сьціслая расшыфроўка ключавых рэплік удзельнікаў шоў.

Ведаю людзей, якія аб прапагандысцкіх шоў на дзяржаўным тэлебачаньні гавораць «Навошта вы іх глядзіце?». Тлумачу. Гэта такая «батлейка» з разьмеркаванымі ролямі. Гэта забаўляльная па форме перадача «падведамсьцьвеннаму народу важных правіцельственных рашэній». Спэцыяльна падрыхтаваныя людзі агучваюць тое, што ня можа паведаміць служба навінаў. Таму да гэтых ТБ-пастановак пільная ўвага. Ад нядаўняга часу.

Частка І: «Дармаедзтва»

Ніжэй не дакладныя цытаты, а сьціслы пераказ выказваньняў па сутнасьці.

Алег Гайдукевіч, Беларуская лібэральна-дэмакратычная партыя: дэкрэт пра «дармаедаў» сказілі з дакладнасьцю наадварот, вінаватыя выканаўцы.

Ігар Марзалюк, гісторык, сябра Савету Рэспублікі: дэкрэт меў на мэце пакараць тых, хто займаецца ценявым бізнэсам.

Раптам. Пакараць. 30-цю рублямі на месяц. Тых, хто займаецца бізнэсам. Шасьцю-сямю куфлямі піва ў бары )). А як жа ўдзел у фінансаваньні сацыяльнай сфэры?

Адляксандр Шпакоўскі, палітычны калюмніст: дэкрэт прыпыніць. Ён палітычна несвоечасовы.

Алег Гайдукевіч: максымальна вызваліць людзей ад падаткаў і збораў. Дзяржава ня можа ўсім даць работу, а значыць, мусіць даць магчымасьць зарабляць самім.

Ну «спасіба», нарэшце).

Вадзім Гігін, вядоўца перадачы: на вуліцы выходзілі ня толькі тыя, хто трапляе пад дэкрэт, а і тыя, хто пратэставаў супраць цяжкай эканамічнай сытуацыі наагул.

Алег Гайдукевіч: да простых рабацяг на мітынгах спрабуюць прымазацца людзі, якія прайгралі прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Гэтыя людзі дармаеды, зь іх трэба спагнаць.

Як адзін з варыянтаў вымалёўваецца наступная пэрспэктыва. Простыя рабацягі не вінаватыя, іх за акцыі чапаць ня будуць (публічна). А як зло, якое за ўсё адказвае, будуць ціснуць грамадзка-палітычных актывістаў.

Вадзім Баравік, прадстаўнік камітэту моладзевых арганізацый: дэструктыўныя сілы спрабуюць выкарыстоўваць пацярпелых (паводле лёгікі чыноўнікаў. — С.К). Падатковая зоймецца лецішчамі (дэструктыўных сілаў. — С.К). Улада мусіць даць адказ — што заўтра?

Вадзім Гігін: улада ня можа быць адзінокай, ёй патрэбна падтрымка грамадзкіх аб’яднаньняў (якія ўлада ж і падтрымлівае.— С.К).

Ігар Камароўскі, Партыя працы і справядлівасьці: мы за мараторый на рэалізацыю дэкрэту пра «дармаедаў».

Элегантна. І як бы не зусім пайсьці на саступкі, але зьбіць напал жарсьцяў.

Шпакоўскі і Гігін: людзі хочуць вяртаньня сытых гадоў (дакладная цытата Гігіна; Шпакоўскага — па сутнасьці).

Хорам некалькі ўдзельнікаў прыблізна наступнае: людзям трэба сумленна сказаць, што, як раней, ня будзе.

Вадзім Баравік: тыя, хто водзіць людзей па мітынгах, пасьля іх разьдзенуць і вайну арганізуюць.

Алег Гайдукевіч: людзі мусяць ведаць, што нам не дапаможа ні Эўропа, ні (!!!) Расея. Не хадзіць на мітынгі, а працаваць. Усім разам аб’яднацца.

Вадзім Гігін: як аб’яднацца? Як спыніць працэс ціхай майданізацыі Беларусі? Што рабіць?

Канкрэтнага адказу ніхто ня даў.

Сам Гігін, падсумоўваючы тэму, сказаў, што «трэба адсякаць радыкалаў». Як — не сказаў, але паўтарыў агульнае месца пра заблукалы народ, які мае права на пратэст і якім карыстаюцца «палітычныя лузэры».

Ад розных удзельнікаў (спачатку ад Аляксея Дзерманта, філёзафа) прагучала думка пра тое, што трэба ўвесьці падатак для багатых.

Гэта вельмі важны момант «батлейкі». Дагэтуль «дзяржава для народу» вонкава выглядала як сацыяльна роўная. Але парадокс у тым, што тады ў багатых апынуцца чыноўнікі самых розных міністэрстваў і ведамстваў. Ад Драздоў да самых да ўскраін.

Частка ІІ: Курапаты

Практычна ўсе ўдзельнікі пагадзіліся з тым, што ў Курапатах ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсій і што дзяржава мусіць стварыць мэмарыял. «Мы самі раскруцілі гэтае месца!». А яшчэ ўлада ў Курапатах «падставілася». «Радыкалы карыстаюцца нагодай для разгойдваньня сытуацыі ў краіне». Улады бязьдзейнічаюць, прыхільныя ўладзе арганізацыі і партыі маўчаць.

Уладзімер Адамушка, гісторык-архівіст: ад 1917-га па 1953 год ацэначная лічба ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі складае каля 600 000 чалавек. (Усіх: і забітых, і памерлых «у працэсе», і рэпрэсаваных, што выжылі. — С.К).

Вячаслаў Бандарэнка, «тэлевядоўца, пісьменьнік, публіцыст»: абсалютна неабходная мэмарыялізацыя ахвяраў рэпрэсій. Патрэбен пэўны сымбаль агульнанацыянальнай жалобы, агульнанацыянальнай памяці і прымірэньня.

Прымірэньня каго з кім? Далей у перадачы ідзе расшыфроўка ад сп. Марзалюка: у Курапатах ляжаць і НКВДысты, і міліцыянты, і камандзеры сярэдняга зьвяна Чырвонай Арміі, і чыноўнікі ўраду, ніжэйшыя за самы высокі эшалён.

Ігар Марзалюк: уся гэта сытуацыя (пачатак забудовы і наступная абарона ад забудовы. — С.К) узьнікла празь віну Міністэрства культуры.

Ігар Марзалюк адкрытым тэкстам кажа, што зьмена ахоўнай зоны Курапатаў, зацьверджанай пастановай Савета Міністраў у 2004 годзе, каштавала нейкую суму хабару.

Марзалюк называе тры месцы, дзе мусяць быць сымбалі нацыянальнай памяці: Хатынь, Курапаты і Бяроза-Картуская (польскі канцэнтрацыйны лягер на тэрыторыі цяперашняй Берасьцейскай вобласьці, дзе ўтрымліваліся беларусы і ня толькі).

Вадзім Баравік: не працуем тонка зь людзьмі. Ведалі, што гэтае месца можа выклікаць грамадзкі рэзананс, але пусьцілі туды нейкую будоўлю. Навошта? Што — мала месца дзе будаваць?

А цяпер увага, дакладная цытата: «Асабліва ведаючы, што мы можам падставіцца!».

Вадзім Гігін: ёсьць сілы, якія сьвядома ідуць на канфлікт у справе мэмарыялізацыі Курапатаў.

Палітоляг Пётра Пятроўскі пачаў з кляўзаў на «Малады Фронт», у асноўным з акцэнтам на сувязі з украінскімі радыкаламі. Пятроўскі дагаварыўся да таго, што абаронцы Курапатаў палілі пакрышкі.

Вадзім Барок: трэба ўвекавечыць? Трэба. Ёсьць месца. Мы яго самі раскруцілі.

Аляксандар Шпакоўскі: — Мне зусім не зразумела чаму раней беларуская дзяржава: а) не зьвярнула ўвагі на гэтую (Курапаты. — С.К) праблему, і мы самі яе ня вырашылі (Аляксандар, ты і «мы» — гэта беларуская дзяржава? — СК), і не забралі ў палітычных спэкулянтаў гэты козыр.

Падобна, што тут вынесеная рэпліка з кулюарнага абмеркаваньня тэмы, бо гучыць досыць цынічна — «козыр забраць». Далей:

— І б) мне абсалютна не зразумела другое. Чаму мы цяпер, наша выканаўчая ўлада ў асобе мэра гораду, у асобе асобных іншых чыноўнікаў вядзе зь імі (абаронцамі Курапатаў ці шырэй, грамадзкасьці, не удакладняецца. — С.К.) нейкія перамовы.

Далей ідзе пашыраны наезд на гарадзкія ўлады і міліцыю, якія не рэагавалі на намётавы лягер.

І тут даецца слова маладому камуністу Андрэю Лазуткіну, які «маніторыць тэму». Лазуткін пачынае распавядаць пра «Малады Фронт», пра ягоныя мэты і задачы на сёньня:

— У «Маладога Фронту» цяпер задача стварыць пэўны прэцэдэнт, паказаць, што яны група ціску. На жаль, калі прэцэдэнт будзе, то ў іх парадак дня... Да Масквы дайсьці«.

А далей ідуць ад розных удзельнікаў шоў прэтэнзіі, якія я чытаў у «Фэйсбуку» абсалютна БЧБ-людзей. Калі месца на касьцях, ці не блюзьнерства ладзіць там канцэрты?

Аргумэнты дазволілі праціўнікам «Маладога Фронту» сказаць, што Курапаты для абаронцаў былі не галоўным, а галоўным — «разгойдваньне сытуацыі».

Аляксандар Шпакоўскі павучае вышэйшае кіраўніцтва краіны, маўляў, дарма паводзіце сябе лагодна з палітычнымі апанэнтамі:

— У нас у краіне адбываецца эканамічная перабудова (!). І на гэтым фоне мы робім памылку, якую зьдзейсьнілі кіраўнікі Савецкага Саюзу. Мы пачынаем перабудову палітычную. Мы пачалі лібэралізацыю, і на фоне гэтай лібэралізацыі пачалося міндальнічаньне з элемэнтамі, якія ні ў якія перамовы ўступаць не зьбіраюцца. У іх адна мэта — дамагчыся поўнай дыктатуры і ўсіх нязгодных пакараць.

Гігін: — Ды ў нас Ўкраіна пад бокам, што нам даказваць.

І Гігін падсумоўвае: — Усім радыкалам варта нагадаць: Беларусь не Ўкраіна, Лукашэнка не Януковіч. У нас Майдан, такі, які ён быў там (прывітаньне, Фрэйд! — С.К.), ня пройдзе!

І, відаць, самае галоўнае. Каля 90% гледачоў перадачы не паверылі, што ў Беларусі можна вырашаць праблемы цывілізаваным шляхам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG