Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кроў, сьмерць, полымя, дым — вяртаемся ў 2010 год», — Някляеў пра фільм «Званок сябру»


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў, адзін зь лідэраў аргкамітэту Беларускага нацыянальнага кангрэсу, лічыць, што пасьля выхаду фільму «Званок сябру» ўлады могуць актывізаваць ранейшыя мэханізмы затрыманьняў і арыштаў актывістаў.

Беларускі нацыянальны кангрэс пазыцыянуецца ў фільме БТ-1 «Званок сябру» як «чарговая фэйкавая структура», якая выступіла «ініцыятарам пратэстаў супраць дэкрэту № 3».

«Гэты рэпартаж — другая сэрыя „Жалезам па шкле“. Але калі першая рабілася больш-менш з разуменьнем таго, чаго хочуць яе стваральнікі, то „Званок сябру“ зроблены без аніякага разуменьня, абы выканаць загад, які паступіў зьверху, хутчэй за ўсё з адміністрацыі Лукашэнкі. Абсалютна непрафэсійная праца, наскрозь ілжывая і правакацыйная. Там больш Украіны, чым Беларусі. Нагнятаньне крыві, сьмерці, полымя, дыму, вайны ў Беларусі з мэтай напужаць людзей. „Званок сябру“ — адна з самых адкрыта слабых і адкрыта кан’юнктурных работ, якія былі на беларускім тэлебачаньні».

Някляеў лічыць, што «Званок сябру» можа спалохаць тых удзельнікаў акцый пратэсту, якія не ўваходзяць у склад палітычных і грамадзкіх арганізацый. Людзі, мяркуе палітык, зразумелі, што ўлады сочаць за імі і што магчымыя сур’ёзныя праблемы.

«Той, хто ўжо выйшаў, не спалохаецца гэтай „страшылкі“. Але новыя людзі, якія хацелі выйсьці на пратэсты, паглядзеўшы фільм, могуць і паасьцерагчыся. Ні столькі праз тое, што яны вераць у выбухі, а праз тое, што разумеюць — улада будзе іх пільна адсочваць. Усё вяртаецца на кругі свае. Колькі ні кажы пра дэмакратызацыю, пра эўрапейскі ўплыў, пра палітыку зьменаў праз збліжэньне з Захадам, як ваўка ні кармі — ён усё роўна ў лес глядзіць. Вось і вяртаньне ў 2010 год. Прычым ня толькі на ўзроўні прапаганды, але і ў рэчаіснасьці — арышты і зьняволеньні. Ніхто ні з Захаду, ні з Ўсходу нічога з гэтай уладай ня зробіць. Ніякіх зьменаў ні звонку, ні знутры яна не дапусьціць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG