У вячэрнім эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» ў праграме «Спэцыяльны рэпартаж» пра масавыя акцыі пратэсту супраць дэкрэту пра «дармаедзтва» вядоўца нечакана заявіў, што перад 3 ліпеня 2014 году ў Бабруйску быў затрыманы «анархіст Сяргей Раманаў», які накіроўваўся ў Менск на сьвяткаваньне афіцыйнага Дня Незалежнасьці. У ягоным заплечніку нібыта знайшлі 155 грамаў тратылу.
Паказалі й частку аркуша з тлумачэньня Сяргея Раманава, якое ён даваў старшай опэрупаўнаважанай Бабруйскай міліцыі Ладзеевай. Як высьветлілася, Раманаў хоць і нарадзіўся ў Расеі, але меў у той час беларускае грамадзянства і жыў з бацькамі ў Гомелі.
Паколькі раней ні пра якія затрыманьні анархіста Раманава не паведамлялася, ўвечары «Наша Ніва» датэлефанавалася да бацькоў «анархіста Раманава».
«Што за глупствы? Тэракт? Я таму башку скручу, хто гэта ўсё прыдумаў. Так яму і перадайце — прыеду і скручу. Я былы вайсковец і цярпець гэтую гадасьць ня буду. Нічога падобнага не было», — заявіў ягоны бацька Аляксандр Сяргеевіч.
Раманаў-старэйшы абяцаў параіцца з адвакатам і пасьля ўжо падрабязна пракамэнтаваць сытуацыю.
Аднак сёньня ўранку бацька адмовіўся ад падрабязных камэнтароў.
— Я і так сербануў з гэтым шмат гора і не хачу больш абмяркоўваць, — сказаў у тэлефоннай размове Аляксандар Раманаў карэспандэнту БелаПАН. — Як цяпер сына абароніш? Ня трэба нічога разьдзімаць. Што было, тое было. Я не хачу нічога камэнтаваць і абмяркоўваць. Мне й так хапіла, я ўжо пасівеў ад гэтай справы.
— Ну а з сынам пагутарыць? Ён цяпер дзе — з вамі?
— Ня важна. Бывайце, — адказаў Аляксандар Сяргеевіч і паклаў слухаўку.