Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За магілёўскі Марш недармаедаў адкажуць двое апазыцыянэраў


«Прагулка недармаедаў» у Магілёве, 19 лютага 2017 году
«Прагулка недармаедаў» у Магілёве, 19 лютага 2017 году

Магілёўскі каардынатар-актывіст «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Алег Аксёнаў абвінавачаны ў арганізацыі 19 лютага несанкцыянавага шэсьця. На яго склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня.

27 лютага ў тым жа зьвінавацілі актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава. Абодва партыйцы былі заяўнікамі «Маршу недармаедаў», які меўся адбыцца 19 лютага на пешаходнай вуліцы Ленінскай.

Алег Аксёнаў
Алег Аксёнаў

«Падставай для абвінавачваньня стала тое, што мы былі заяўнікамі „Маршу недармаедаў“, таму нас першых і выклікалі ў міліцыю», — сказаў Свабодзе Алег Аксёнаў, як выйшаў з пастарунку.

Актывіст сябе вінаватым ня лічыць і не шкадуе, што браў удзел у шматлюднай акцыі пратэсту супраць дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Дармаедамі ён называе тых, хто выдаў гэты дэкрэт і хто яго цяпер ажыцьцяўляе на практыцы. Перасьлед за акцыю пратэсту Алег Аксёнаў лічыць парушэньнем Канстытуцыі.

«Ёсьць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, і 35 артыкул гарантуе свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў. Я так і заявіў міліцыянту, які складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, — казаў Аксёнаў. — Кіраўнік дзяржавы выдаў гэты дэкрэт, які абурыў беларусаў, і калі яны пачалі бараніць свае правы, то ім спрабуюць прыкрыць рот, вінавацячы іх саміх у парушэньні закону».

«Прагулка недармаедаў» у Магілёве, 19 лютага 2017 году
«Прагулка недармаедаў» у Магілёве, 19 лютага 2017 году

Гарвыканкам не задаволіў заяўкі актывістаў, спаслаўшыся на тое, што яны пазначылі ня тую пляцоўку, якая вызначана для правядзеньня мерапрыемстваў, арганізаваных грамадзянамі ці партыямі. 19 лютага замест «Маршу недармаедаў» адбылася «Прагулка недармаедаў», якая сабрала на вуліцы Ленінскай пад паўтысячы чалавек.

15 сакавіка на той жа вуліцы Ленінскай мае адбыцца яшчэ адзін «Марш недармаедаў». Паводле Аксёнава, па дазвол у гарвыканкам не зьвярталіся, толькі давялі да ведама чыноўнікаў, што адбудзецца мітынг і шэсьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG