Беларуская калегія адвакатаў анансавала бясплатныя прыёмы грамадзянаў у пытаньнях дэкрэту № 3 і «падатку на дармаедаў».
«Сёньня адпрацаваны дакладны мэханізм для рашэньня пытаньня аб нявыплаце збору ў адпаведнасьці з дэкрэтам № 3 у дачыненьні да тых грамадзянаў, якія не павінны плаціць або ў сілу абставінаў могуць не плаціць гэты збор. Аднак, на жаль, на месцах пытаньне не заўсёды вырашаецца правільна і своечасова. Грамадзяне ў сваю чаргу часьцей за ўсё ня ведаюць, куды зьвярнуцца для абароны сваіх правоў», — гаворыцца на сайце Калегіі адвакатаў.
Юрыстка Дар’я Каткоўская сумняваецца, што захад будзе эфэктыўным: пра абскарджваньне самога дэкрэту гаворкі не ідзе, толькі пра заяву аб вызваленьні, а гэта значыць, прызнаньні сябе няплатнікам.