Жонка Ільдара Дадзіна Анастасія Зотава заявіла РБК, што хацела б зьехаць разам з мужам з Расеі, каб працягнуць праваабарончую дзейнасьць, але бяз рызыкі зноў апынуцца ў турме і падвяргацца катаваньням.
22 лютага прэзыдыюм Вярхоўнага суду Расеі пастанавіў вызваліць апазыцыйнага актывіста Ільдара Дадзіна, закрыць заведзеную адносна яго крымінальную справу і прызнаць права асуджанага на рэабілітацыю.
Міхаіл Хадаркоўскі узрадаваўся рашэньню суду, намякнуўшы, хто можа за ім стаяць.
Паводле словаў адваката Аляксея Ліпцэра, Ільдара Дадзіна могуць вызваліць з калёніі ўжо заўтра, 23 лютага. Цяпер актывіст знаходзіцца ў калёніі ў Алтайскім краі. Туды ён быў этапаваны з сегескай калёніі ў Карэліі, дзе, паводле яго слоў, падвяргаўся катаваньням.
Ільдар Дадзін — першы ў Расеі асуджаны паводле артыкулу аб неаднаразовым парушэньні правілаў правядзеньня публічных мерапрыемстваў, які быў уведзены ў 2014 годзе.
10 лютага Канстытуцыйны суд Расеі прызнаў сам артыкул адпаведным асноўнаму закону краіны, аднак справу ў дачыненьні да апазыцыянэра пастанавіў перагледзець і ўнесьці зьмены ў Крымінальны кодэкс.
Раней жонка Ільдара Дазіна Анастасія Зотава ў інтэрвію Беларускай службе Радыё Свабода расказала, што Ільдар зьяўляецца прыхільнікам беларускай культуры і чытае ў арыгінале творы клясыкаў беларускай літаратуры:
ЖОНКА ПАЛІТВЯЗЬНЯ ДАДЗІНА: ЁН ЧЫТАЎ КОЛАСА, КУПАЛУ. «БУДЗЬ СЬМЕЛЫМ» — АДЗІН ЗЬ ЯГО ЛЮБІМЫХ ВЕРШАЎ