Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магчыма, гэта пачатак новай Вясны-96». Палітыкі, якія не пайшлі на «Марш абураных беларусаў», камэнтуюць акцыю


Раніцай 17 лютага лідэры БНФ, Руху «За свабоду» і «Гавары праўду» Аляксей Янукевіч, Юры Губарэвіч і Андрэй Дзьмітрыеў у інтэрвію Свабодзе выказаліся крытычна наконт акцыі «Марш абураных беларусаў».

Яны заявілі, што іх арганізацыі не далучыліся да арганізатараў. Мітынг і шэсьце ў Менску завершылася. У акцыі, па розных падліках, у розныя моманты прыняло ўдзел ад 1 да 3 тысяч чалавек.

Янукевіч раніцай: «Будзе чарговы лятучы пікет»

Аляксей, ці спраўдзіўся ваш прагноз і ці акцыя атрымалася пікетам?

Янукевіч: Сапраўды людзей прыйшло больш, чым я прагназаваў. Гэта здорава. Гэта дае надзею, што грамадзкае абуджэньне адбываецца. Магчыма, на Дзень Волі і Чарнобыльскі шлях выйдзе больш, чым апошнія гады. Шкадаваньня няма. Гэтая акцыя ня здыме пытаньні. Гэта пачатак. Можна выказаць асьцярожны аптымізм, што наперадзе нас чакае новая вясна па ўзоры 1996 году.

Ранкам вы сказалі Свабодзе: «Сёньня, 17 лютага, мы паглядзім на чарговы „лятучы пікет“, пасьля чаго пытаньні пра няўдзел тых ці іншых арганізацыяў зьнікнуць самі сабой». Ці партыя БНФ далучыцца да чарговай акцыі?

Янукевіч: Што тычыцца чарговай акцыі 15-га сакавіка. Так, дапускаю, мы далучымся і дапаможам арганізатарам распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы. Бо гэтыя акцыі важныя, яны могуць прымусіць рабіць улады сыстэмныя рэформы. Але асноўны акцэнт у нас на Дні Волі. Спадзяюся, што ўсе далучацца.

Губарэвіч раніцай: «Ёсьць вялікая асьцярога, што акцыя абмяжуецца колам заўсёдным палітычных актывістаў».

Юры, ці толькі традыцыйныя актывісты прынялі ўдзел у сёньняшняй акцыі?

Губарэвіч: На гэтай акцыі ёсьць і актывісты Руху «За Свабоду», бо мы маем што прапанаваць людзям, якія пацярпелі ад дэкрэту нумар 3. Мы дапамагаем юрыдычна пацярпелым і нашыя актывісты на акцыі раздаюць матэрыялы.

Ці гэта пікет ці мітынг?

Губарэвіч: Мы не называлі гэта пікетам. Акрамя традыцыйных удзельнікаў акцыі прыйшлі тыя, хто мае патрэбу ў дапамозе. На плошчы прысутнічае некалькі сотняў людзей. Гэтую колькасьць нельга параўнаць з той колькасьцю, якая выходзіць на Дзень Волі ў падтрымку лёзунгу незалежнасьці і свабоды. Самыя матываваныя тыя, хто хоча пераменаў і пэрспэктываў, а ня толькі вырашэньня пэрсанальных праблем. Збольшага гэтая група пасыўная і інтэрнэтная і абірае пасыўны пратэст.

Дзьмітрыеў раніцай: «Можна пісаць асабістыя лісты прэзыдэнту. Я лічу, што такі шлях значна больш эфэктыўны»

Сп. Андрэй, раніцай вы казалі, што гэтая акцыя прынясе больш шкоды ўдзельнікам праз новыя выдаткі — штрафы. Але людзі не пабаяліся і выйшлі.

Дзьмітрыеў: Мы не шкадуем, што ня ўдзельнічалі. Лічбы вельмі розьняцца, але выйшла нямала людзей. Але ўсё роўна гэта выглядае непадрыхтавана, і шмат што сёньня можна зрабіць яшчэ ў законным рэчышчы. Але мы і не заклікалі не ісьці. Сваім сябрам мы перадалі, што гэтая пазыцыя кожнага асабістая.

Дык можа з вамі, з папулярнай Тацьцянай Караткевіч было б больш пасьпяхова? Некалькі тысяч усё ж выйшла.

Дзьмітрыеў: Ня буду спрачацца, мы бачым гэта праз жывую трансьляцыю. Але мы разумеем, што камэра ахоплівае невялікі ўчастак. Безумоўна выйшла больш, чым выходзіла раней на акцыі. Але сёньня мы можам дамагчымся больш, даносячы да ўлады, што гэты дэкрэт трэба адмяніць. Там працуе аўтарытэт Тацьцяны Караткевіч і нашай арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG