Сёньня ў Менску 4 грамадзяніна Расеі сарвалі брыфінг спэцпрадстаўніка старшыні АБСЭ Марціна Сайдзіка, які меў адбыцца па выніках паседжаньня Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
Двое мужчын і дзьве жанчыны выкрыквалі абразы на адрас прэзыдэнт Ўкраіны Пятра Парашэнкі і скандавалі «Данбас — у склад Расеі!» Яны раскідалі ўлёткі з заклікам да расейскіх уладаў накіраваць войскі на Данбас.
У выніку брыфінг прайшоў праз гадзіну, калі нацболы пакінулі «Прэзыдэнт-гатэль» у Менску, дзе праходзяць перамовы.
МЗС Беларусі назвала выступ нацболаў «правакацыяй, скіраванай на зрыў перамоўнага працэсу і дыскрэдытацыю Менскай пляцоўкі».
Гэта сапраўды нашыя актывісты. Кіраўніцтва партыі цалкам падтрымлівае іх і ўхваляе іхні ўчынак, — заявіў Свабодзе прэс-сакратар «Другой России» Аляксандр Аверын. Аверын сказаў, што сёньня расейскія нацболы выступілі з мэтай «паказаць неэфэктыўнасьць Менскіх перамоваў».
— Мы лічым, што Расея мусіць умяшацца ў канфлікт і прымусіць улады ў Кіеве пакінуць тэрыторыю Данбасу. Нашыя добраахвотнікі дагэтуль знаходзяцца там і працягваюць ваяваць,— дадаў Аверын.
На пытаньне, ці ведалі ў цэнтральным штабе партыі пра акцыю ў Менску, Аверын адказаў:
Часта пра такія акцыі кіраўніцтва даведваецца постфактум, гэта ўжо традыцыя. Але я абсалютна іх падтрымліваю. А пра наступную акцыю вы даведаецеся з навінаў.
Партыя «Другая Россия» была заснаваная ў 2010 годзе, яе ўзначаліў пісьменьнік Эдуард Лімонаў. У актыў арганізацыі ўвайшлі актывісты Нацыянал-бальшавісцкай партыі, папярэдне забароненай расейскім судом за экстрэмізм. Напачатку сваёй дзейнасьці нацболы выступалі з крытыкай палітыкі Пуціна, але падчас канфлікту на Данбасе перайшлі на бок уладаў і пачалі вэрбаваць баевікоў у шэрагі сэпаратыстаў.