Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія журналісты пра бізнэс Данквэрта: Лукашэнка меў рацыю


Сяргей Данквэрт
Сяргей Данквэрт

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данквэрт займаецца вытворчасьцю сельгаспрадукцыі і зацікаўлены ў абмежаваньні паставак беларускай прадукцыі. Цэнтар кіраваньня расьсьледаваньнямі — мэдыяпраект, які фінансуецца Міхаілам Хадаркоўскім — лічыць, што прэтэнзіі Лукашэнкі да Данквэрта абгрунтаваныя.

Transparency International — Russia зьбіраецца накіраваць у Генпракуратуру Расеі заяву ў сувязі з «прыкметамі неўрэгуляванага канфлікту інтарэсаў Данквэрта».

«Бо, паводле закону «Аб дзяржаўнай грамадзянскай службе Расейскай Фэдэрацыі», дзяржаўны службоўца ня можа займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, а таксама ўдзельнічаць у кіраваньні гаспадарчым субʼектам. Паводле інфармацыі з базы дадзеных кампаній СПАРК, Сяргей Данквэрт зьяўляецца саўладальнікам некалькіх кампаній — ТАА «КК „Агроменеджмент“» (88,15% долі), Калуская ТАА «ДомСтрой» (75%), ТАА «Стандарт плюс» (75%) і паляўнічай гаспадаркі «Азёрны» (76%), якая таксама знаходзіцца ў Калускай вобласьці. Долі ў бізнэсе перайшлі яму ад бацькі Аляксея Данквэрта, які памёр у 2013 годзе. Кампаніі кіраўніка Рассельгаснагляду афіляваныя з буйной племянной гаспадаркай — ААТ «Агроплемсоюз», якой ён кіраваў у 1995-2000 гадах. Гэтая племянная гаспадарка займаецца гадоўляй малочных і мясных парод кароваў», піша сайт medium.com

Дачка Данквэрта Юлія — чалец Рады дырэктараў жывёлагадоўчай кампаніі «Агроплемсоюз».

«Улічваючы, што Данквэрт з 1991 году ўзначальваў Раду жывёлаводаў Расеі, фактычна прадстаўляючы інтарэсы галіны ва ўзаемадзеяньні з органамі ўлады як галіновы лабіст, яго пераход на пасаду намесьніка фэдэральнага міністра і кіраўніка Рассельгаснагляду прынёс рызыку абмежаваньня канкурэнцыі на гэтым рынку — асабліва для замежных кампаній. Забарона на працу зь беларускімі прадпрыемствамі, якую вынес Рассельгаснагляд — сьведчаньне рэалізацыі гэтых рызык на практыцы», — пракамэнтаваў гэтую інфармацыю сайту medium.com намесьнік дырэктара Transparency International — Russia Ільля Шуманаў.

Фактычна забарона на ўвоз замежнай (у тым ліку беларускай) сельгаспрадукцыі можа сьведчыць пра асабістую зацікаўленасьць спадара Данквэрта.

«Данквэрт мае кампаніі, што працуюць у сфэры, якую ён рэгулюе як фэдэральны чыноўнік. Гэта аўтаматычна стварае сытуацыю канфлікту інтарэсаў. Пры гэтым магчымасьць урэгуляваньня канфлікту інтарэсаў у Данквэрта была: яму варта было адмовіцца ад бізнэс-актываў, зьвязаных з рэгуляванай ім галіной, аднак гэта зроблена не было. Фактычна забарона на ўвоз замежнай (у тым ліку беларускай) сельгаспрадукцыі можа сьведчыць пра асабістую зацікаўленасьць спадара Данквэрта. Гэта пацьвярджаецца ў тым ліку тым, што яго дачка ўзначальвае камэрцыйныя сельгаспрадпрыемствы. Данквэрт і чальцы яго сямʼі зьяўляюцца канчатковымі бэнэфіцыярамі ад адміністрацыйных рашэньняў, якія прымаюцца ім як чыноўнікам. Кіруючыся лёгікай антыкарупцыйнага заканадаўства, санкцыяй за падобныя парушэньні павінна стаць звальненьне з займанай пасады з фармулёўкай «за страту даверу», — падсумоўвае Ільля Шуманаў.

Ён заяўляе, што ягоная арганізацыя накіруе заяву ў Генэральную пракуратуру ў сувязі з «прыкметамі неўрэгуляванага канфлікту інтарэсаў» Данквэрта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG