Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адказ Крамля Лукашэнку


Дэпутат Дзярждумы Расеі Ўладзімір Жырыноўскі
Дэпутат Дзярждумы Расеі Ўладзімір Жырыноўскі

Расея адкідае абвінавачваньні, выказаныя кіраўніком Беларусі падчас «вялікай размовы».

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Дракахруст: Падчас так званай «вялікай размовы» на мінулым тыдні кіраўнік Беларусі выступіў з шэрагам абвінавачваньняў на адрас асобных расейскіх чыноўнікаў — Данкверта, Бортнікава, Дварковіча, а таксама на адрас наўпрост Крамля. Ён усклаў на іх усю віну за праблемы ў двухбаковых адносінах. Разам з тым, ён сказаў, што Беларусь не зьбіраецца выходзіць зь інтэграцыйных утварэньняў і што вучэньні «Захад-2017» не ствараюць ніякай небясьпекі для Беларусі.

Адказ з Расеі не прымусіў сябе чакаць. У дзень «вялікай размовы» Рассельгаснагляд, ведамства, кіраванае спадаром Данквертам, абвясьціла, што з 6 лютага ўводзіць часовыя абмежаваньні на пастаўкі ў Расею ялавічыны з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласьці.

Сам Сяргей Данкверт, кандыдат на месца ў менскай «амэрыканцы», пракамэнтаваў пагрозы кіраўніка Беларусі: «Калі ўзяць у маштабе вялікім, усёй краіны, то [гэта ціск] на ўсіх чыноўнікаў нашай краіны... А што можа зрабіць чалавек супраць прэзыдэнта? Тым больш Беларусі. Што можа зрабіць просты [чалавек], нават кіраўнік? У лепшым выпадку трэба піць заспакаяльнае на ноч, у адваротным — проста скончыць жыцьцё самагубствам».

Настолькі ж апэратыўнай была рэакцыя і прэсавай службы Крамля. У адпаведнай заяве наконт пагрозаў Лукашэнкі на адрас Данкверта была выказанае неразуменьне і адзначана, што Рассельгаснагляд выконвае свае функцыі спраўна і прафэсійна.

Таксама ў заяве прэсавай службы Крамля гаворыцца, што з-за бязмытных паставак нафты ў Беларусь Расея недаатрымала ў бюджэт з 2011 па 2015 год 22,3 мільярда даляраў. Крэмль таксама назваў лічбу 2.5 мільярды даляраў дапамогі ў выглядзе ў выглядзе крэдытаў Беларусі па лініі Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця.

Таксама ў заяве прэсавай службы Крамля адкідаюцца абвінавачваньні на адрас Расеі у сувязі са зьменамі памежнай палітыкі. У дакумэнце заявы аб парушэньні якіх-небудзь міждзяржаўных дагавораў з Беларусьсю назвалі некарэктнымі. «Мы хочам падкрэсьліць, што гэта ня так, ніякага памежнага рэжыму ня ўводзілася. Гаворка ідзе аб увядзеньні пагранічных зон, прылеглых да мяжы раёнаў. Гэта зьвязана з неабходнасьцю рэглямэнтаваньня наведваньня прыгранічных раёнаў грамадзянамі трэціх краін».

Цяперашняя сытуацыя — значна горшая для грамадзянаў трэціх краінаў, чым на любой іншай мяжы Расеі. Для іх беларуская мяжа — у прамым сэнсе «на замку».

Варта сказаць, што сытуацыя на мяжы складваецца абсалютна дзікая. Магчыма, ранейшая сыстэма, калі кантроль на мяжы фактычна адсутнічаў, і не задавальняла нечым Расею. Але цяперашняя сытуацыя — значна горшая для грамадзянаў трэціх краінаў, чым на любой іншай мяжы Расеі. Для іх беларуская мяжа — у прамым сэнсе «на замку». Іх не пускаюць у Расею з расейскімі візамі.

Калі коратка, то адказ Расеі — мы ўсё робім правільна, нічога не парушаем, шчодра дапамагаем Беларусі, ўсе абвінавачваньні і прэтэнзіі адкідаем. Адказ нельга назваць рэзкім, у адрозьненьні ад рыторыкі Аляксандра Лукашэнкі. Але ён недвухсэнсоўны. Прынамсі, ніякіх намёкаў на гатоўнасьць Крамля ісьці насустрач Менску ён не ўтрымлівае.

Карбалевіч: Найперш, зьвярнуў бы ўвагу, што захоўваецца інтрыга наконт правядзеньня Вышэйшага дзяржсавету «саюзнай дзяржавы». Гэта плянавае, дзяжурнае мерапрыемства, якое праводзіцца альбо у канцы, альбо ў пачатку года. Паводле статуту «саюзнай дзяржавы», толькі Вышэйшы дзяржсавет можа зацьвердзіць бюджэт гэтага аб’яднаньня. Масква прапанавала правесьці яго 9 лютага. Менск пакуль трымае паўзу, хоць сёньня ужо 6 лютага.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка абмовіўся, што сустрэча мае сэнс толькі пры ўмове, што на ёй будуць вырашаныя спрэчныя пытаньні. Здаецца, згода Лукашэнкі на ўдзел у гэтым мерапрыемстве становіцца сродкам шантажу, ціску на Расею. Як і байкот самітаў АДКБ і ЭАЭС ў Санкт-Пецярбургу 26 сьнежня ці адмова падпісаць мытны кодэкс.

Жырыноўскі, як звычайна, простымі словамі пераклаў пазыцыю Крамля на рускую мову: маўляў, хочаце унутрырасійскія цэны, то ўступайце ў склад Расеі.

Вы, Юры, ужо адзначылі, што афіцыйная рэакцыя Масквы апынулася па прынцыпу: сам такі. А крокі Рассельгаснагляду сьведчаць нават пра ўзмацненьне ціску. Ну а Жырыноўскі, як звычайна, простымі словамі пераклаў пазыцыю Крамля на рускую мову: маўляў, хочаце унутрырасійскія цэны, то ўступайце ў склад Расеі.

Але ёсьць і іншая рэакцыя ў расейскіх мэдыях, сэнс якіх такі: Расея можа страціць Беларусь. Ці вось рэпліка Юліі Латынінай на «Эхо Москвы»: як Расею, якая нібыта ўстала з калень, могуць паважаць на Захадзе, калі яе не паважае нават цалкам залежны ад Расеі Лукашэнка?

Раней Расея пад ціскам псыхічнай атакі Лукашэнкі, які ішоў на публічны скандал, саступала. Бо апошні ж саюзьнік. Але цяпер Расея у сытуацыі нацыянальнага пад’ёму. І узьнікае тая псыхалягічная праблема, якую абазначыла Латыніна. Думаю, адказ атрымаем бліжэйшым часам.

Цыганкоў: Калі казаць пра рэакцыю Латынінай і такіх асобаў, якіх можна назваць у цэлым лібэральнай грамадзкасьцю Расеі, то можна прывесьці даволі шмат цытатаў, калі расейскія апазыцыянэры і лібэралы выказваюць ледзь не захапленьне пазыцыяй Аляксандра Лукашэнкі. І гэта дастаткова лёгка патлумачыць, бо яны дзейнічаюць паводле прынцыпу «вораг майго ворага — мой сябар». Паколькі ўсё, што робіць Пуцін, зь іх пункту гледжаньня кепска, яны гэтаму процістаяць, то любы чалавек, які змагаецца з Пуціным, супрацьстаіць яму, выклікае ў іх сымпатыю, нават калі гэта аўтарытарны лідэр. Тут я б не стаў перабольшваць уплыў гэтай часткі расейскага грамадзтва на расейскую грамадзкую думку, тым больш на расейскае кіраўніцтва.

Калі больш стратэгічна — можна пагадзіцца, што апошнія месяцы, і гэта было зафіксавана на гэтай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі, мы назіраем істотны крызыс у беларуска-расейскіх палітычных дачыненьнях. Нельга сказаць, што гэта нешта незвычайнае і новае. Такія крызысы бывалі, і таму, калі некаторыя занадта наіўна спадзяваліся, што зараз усё пойдзе ўразнос, што Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі абвесьціць пра паварот у зьнешняй палітыцы, то той дастаткова прагматычна расставіў тут кропкі на «і».

Можна крытыкаваць асобных чыноўнікаў, нават пагражаць іх пасадзіць, але сам Уладзімер Пуцін для яго сябра, ён усё робіць правільна, то бок «цар добры, а баяры кепскія». Ну і Лукашэнка даў адказ на пытаньне знаходжаньня Беларусі ва ўсялякіх інтэграцыйных утварэньнях і арганізацыях, заявіўшы, што нікуды Беларусь, ні з саюзнай дзяржавы, ні з ЭАЭС, ні з АДКБ не зьбіраецца.

Карэнныя зрухі ў гэтых адносінах адбываюцца, што зафіксавалі падзеі апошніх месяцаў.

Але сапраўды карэнныя зрухі ў гэтых адносінах адбываюцца, што зафіксавалі падзеі апошніх месяцаў. Рэч у тым, што ў апошнія гады інтэграцыі Лукашэнка праводзіў палітыку «дыпляматыі скандалу» альбо эскаляцыі супярэчнасьцяў з мэтай вырашэньня інтарэсаў Беларусі найбольш выгадным шляхам — атрыманьня прэфэрэнцыяў і матэрыяльнай падтрымкі. Любыя супярэчнасьці разьдзьмуваліся, а пасьля гэтага гучала апэляцыя да агульнай гісторыі, пра тое, што разам сядзелі ў акопах, і дарэчы — такія ж матывы гучалі і на прэсавай канфэрэнцыі, пра адзін народ, еднасьць і ўсё такое. І пасьля гэтага Масква традыцыйна ішла на саступкі.

Але цяпер паглядзім на рэакцыю Масквы. Мне падаецца, што сытуацыя карэнным чынам мяняецца, бо па-першае, Масква ўжо вылучае не прапановы, а хутчэй патрабаваньні, яны тычыцца больш не палітыка-эканамічнай сфэры, а ваенна-стратэгічнай. Ну а другое, магчыма для Масквы ўжо ня так важная Беларусь як інтэграцыйная краіна. Цяпер ужо ёсьць больш шырокі Эўразійскі саюз, і прыхільнасьць Беларусі інтэграцыі ўжо не настолькі выгадны тавар, якім Лукашэнка можа шантажаваць. Мне здаецца, у Масквы зьмяніліся прыярытэты ў бок іншых краінаў, іншых кірункаў. Калісьці Крэмль можа адказаць Лукашэнку: рабі што хочаш — ідзі куды хочаш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG