Аглядальнік Аляксандар Алесін назваў увядзеньне памежнага кантролю Расеяй на мяжы зь Беларусьсю аднабаковымі дзеяньнямі ў адказ на аднабаковыя дзеяньні.
«Гэта адказ на тое, што Беларусь адмяняе візы на 5 дзён і ўводзіць парадак, калі замежнікі могуць тут знаходзіцца цягам пяці дзён. Незадаволенасьць расейскага боку была выказана і міністрам замежных спраў Расеі Лаўровым. Хоць, паводле беларускага боку, пакуль рыхтавалася гэтае рашэньне, ён увесь час гэтае пытаньне ўзгадняў з расейскім бокам. Гэта свайго роду дэмарш, спроба націснуць.
Беларусь стараецца палепшыць свае адносіны з Захадам, а Расея знаходзіцца зусім у іншай стадыі. Яна будуе канфрантацыйныя адносіны і з Польшчай, і з краінамі Балтыі, і з Украінай. Таму ў той момант, калі Беларусь паляпшае адносіны, Расея, наадварот, паказвае, хто ў саюзнай дзяржаве гаспадар. Што фактычна яна можа паралізаваць транзытны рух замежнікаў празь Беларусь. Я думаю, яна запатрабуе нейкіх прывілеяў і кіраўнічай ролі пры арганізацыі руху замежных грамадзянаў на сваю тэрыторыю празь Беларусь».
На пытаньне, ці пойдзе беларускі бок на такія ж меры ў адказ, Аляксандар Алесін адказаў так:
«Я думаю, гэта не ў інтарэсах Беларусі. Бо транзытны паток у Расею празь Беларусь — і грузаў, і грамадзянаў — азначае для Беларусі вельмі многа. Таму мы тут слабейшы бок. І канфрантаваць можам толькі да пэўнага моманту. У Расеі вельмі шмат рычагоў, таму будзе дасягнуты нейкі кампраміс. А Беларусі давядзецца саступіць».