Экспэрт у галіне памежнай службы Аляксандар Цішчанка адзначыў, што памежная зона лічыцца тэрыторыяй асаблівага рэжыму, тут дзейнічаюць асаблівыя правілы ўезду, знаходжаньня і рэгістрацыі.
Камэнтуючы ўсталяваньне памежнай зоны на мяжы зь Беларусьсю ў трох абласьцях Расеі, Аляксандар Цішчанка сказаў:
«У прынцыпе, гэта меры дадатковага кантролю, усталяваньне буфэрных зон. Бо, па сутнасьці, памежная зона выконвае ролю буфэра ў пляне папярэджаньня і спыненьня парушэньняў памежнага заканадаўства, правілаў знаходжаньня і гэтак далей.
Беларусь, да прыкладу, не ўсталёўвала памежную зону, а вызначала памежную тэрыторыю. Гэта для таго, каб стварыць умовы для дзеяньня памежных службаў.
Хутчэй за ўсё, гэта зьвязана з пэўнымі дадатковымі мерамі міграцыйнага кантролю і выкананьня памежнага заканадаўства Расейскай Фэдэрацыі на сутыку Беларусі, Расеі і Ўкраіны».
Дырэктар ФСБ распарадзіўся ўсталяваць памежную зону на мяжы зь Беларусьсю. Памежная зона ўсталяваная на межах Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай абласьцей зь Беларусьсю.