Учора, на 68-м годзе жыцьця, памёр Джон Ўэтан (John Wetton), адзін з найбольш шанаваных і ўсебаковых музыкантаў прагрэсіўнага року. Ўэтан сьпяваў, граў на бас-гітары, гітары і клявішных ды пісаў песьні, зь якіх многія сталі сусьветнымі гітамі.
Музычную якасьць Ўэтана, які ніколі не стварыў групы як лідэр, прызнавалі ў музычным бізнэсе практычна ўсе. Таму яго ахвотна запрашалі да свайго складу — у якасьці басіста і вакаліста — такія карыфэі рок-музыкі, як «King Crimson», «Uriah Heep», «UK» або «Wishbone Ash». У 1981 годзе Джон Ўэтан, разам з Стывам Гоў, Карлам Палмэрам і Джэфры Даўнсам сфармавалі адзін з найбольш пасьпяховых супэргуртоў у гісторыі рок-музыкі — «Asia». Першы, аднайменны альбом гэтага гурту з 1982 году прадаўся ў колькасьці большай за 10 мільёнаў асобнікаў (альбом перавыдаецца да сёньняшняга дня).
Сольная музычная кар’ера Джона Ўэтана таксама была пасьпяховай.
Прыгадаем некалькі выдатных песень з музычнага шляху Джона Ўэтана.
Песьня «Starless», запісаная з «King Crimson» для альбому «Red» (1974). Джон Ўэтан грае на бас-гітары і сьпявае.
Песьня «Return to Fantasy», запісаная з «Uriah Heep» для альбому «Return to Fantasy» (1975). Джон Ўэтан грае на бас-гітары.
«Heat of the Moment», запісаная з «Asia» для альбому «Asia» (1982). Джон Ўэтан грае на бас-гітары і сьпявае.
Песьня «Battle Lines» з сольнага альбому «Battle Lines» (1992). Джон Ўэтан грае на бас-гітары, акустычнай гітары, клявішных і сьпявае.