Учора ў Вашынгтоне адбылася інаўгурацыя 45-га прэзыдэнта ЗША. Яна суправаджалася акцыямі пратэсту, у выніку якіх былі разьбітыя некалькі вітрын і падпаленыя некалькі аўтамабіляў. Паліцыя арыштавала больш за 200 чалавек.
Сёньняшняя акцыя носіць зусім іншы, далёкі ад стыхійнага характар. Яна плянавалася загадзя, для яе ўдзельнікаў будуць нават збудаваныя спэцыяльныя трыбуны. Удзельнікі "Маршу на Вашынгтон" пройдуць па Нацыянальнай алеі і зьбяруцца вакол авальнай лужайкі ля паўднёвага фасада Белага дому. У маршы будуць удзельнічаць як звычайныя амэрыканцы, якія прыехалі з усёй краіны, так і кангрэсмэны і сэнатары ад Дэмакратычнай партыі, якія байкатаваць напярэдадні інаўгурацыю Трампа.
Акцыі ў падтрымку вашынгтонскага маршу - так званыя "маршы сястрэў" - праходзяць сёньня па ўсім сьвеце. Самыя буйныя "Маршы на Вашынгтон" адбыліся ў 1969 годзе (супраць вайны ў іетнаме, 600 тысяч чалавек), у 1987-м (за правы геяў і лесьбіянак, 500 тысяч), у 1995 годзе (за правы афраамэрыканцаў, па розных ацэнках, ад 430 да 830 тысяч). Але самым вядомым, мабыць, быў другі "Марш на Вашынгтон" у 1963 годзе, у якім Марцін Лютэр Кінг выступіў перад 250-тысячным натоўпам з сваёй знакамітай прамовай "У мяне ёсьць мара".
На «Маршы жанчын» будуць ня толькі шматлікія прамовы, але і канцэрт. На ім ня будуць выступаць музыканты і групы, якія афіцыйна адмовіліся ад запрашэньня выступіць на інаўгурацыі Трампа, але недахопу ў зорных імёнах у праграме канцэрту няма. Акрамя таго, паведамляецца, што «Марш жанчын» наведаюць актрысы Кэці Пэры, Скарлет Ёхансан, Эмі Шумэр, спявачка Шэр (ці будзе яна выступаць, пакуль няясна).
"Маршы сёстраў" - Бэрлін, Прага, Сыднэй
У многіх гарадах сьвету ўжо завяршыліся акцыі ў падтрымку вашынгтонскага маршу - яны называюцца "маршы сёстраў". Недзе яны ў самым разгары - вось жывая трансляцыя з Парыжу.
"Масты, а ня сьцены" - плакат на "маршы сёстраў" у Сыднэі, Аўстралія:
Такі самы банэр на акцыі ў Празе:
Удзельніца акцыі ў Бэрліне:
Сярод пратэстоўцаў у Вашынгтоне няма згоды па многіх важных пытаньнях. Частка актывістаў, што прылічаюць сябе да "хрысьціянскіх лібэралаў", напрыклад, ня хоча ісьці побач з прыхільнікамі абортаў. Яшчэ адна праблема ўзьнікла вакол апублікаванага арганізатарамі сьпісу жанчын - палітыкаў, грамадзкіх дзяячак, актывістак жаночага руху, якія "праклалі шлях да маршу". У іх ліку не аказалася нядаўняй кандыдаткі на пасаду прэзыдэнта ЗША Гілары Клінтан. Гэта выклікала пратэсты карыстальнікаў сацсетак, а ў твітэры нават зьявіўся хэштэг #AddHerName - "Дадайце яе імя".
Пратэстоўцы накіроўваюцца ў Вашынгтон усімі магчымымі відамі транспарту, адначасна выкладаючы фатаграфіі ў сацыяльныя сеткі:
Вось тут можна прачытаць маніфэст удзельнікаў акцыі (анг., .pdf). У ліку асноўных пунктаў - расавая, гендэрная і эканамічная роўнасьць, права на абарону ад сэксуальнага гвалту, адказнасьць паліцыі за ўжываны ёй гвалт, права на рэпрадукцыйную свабоду і роўны доступ да лячэньня ад ВІЧ / СНІДу, роўныя правы для сэксуальных меншасьцяў, права на роўную аплату аднолькавай працы для ўсіх груп насельніцтва, права на роўны годны пражытачны мінімум для амэрыканскіх і замежных рабочых.
Чакаецца, што сёньняшняя акцыя ў Вашынгтоне пройдзе спакойна - у адрозьненьне ад учорашняй, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі радыкальных левых рухаў і анархістаў. Зрэшты, паліцыі ўдалося не дапусьціць сутыкненьняў прыхільнікаў і праціўнікаў Дональда Трампа на вуліцах амэрыканскай сталіцы. Вось некалькі фотаздымкаў, зробленых напярэдадні ў цэнтры падзей карэспандэнтам Радыё Свабода Франакам Вячоркам і фатографамі сусьветных інфармацыйных агенцтваў:
Калі верыць статыстыцы на афіцыйным сайце «Марша жанчын на Вашынгтон», за ўсё па ўсім свеце сёння адбудзецца 673 такіх акцыі, у якіх прынялі або прымуць ўдзел 2 226 540 чалавек.
Відэа маршу жанчын у Лондане:
Якую музыку слухаць, пакуль едзеш на марш? У арганізатараў ёсьць свой плэйліст на сэрвісе Spotify - у ім самыя розныя выканаўцы, ад Public Enemy і Portishead да Боба Марлі і нобэлеўскага ляўрэата Боба Дылана.
Афіцыйны старт маршу па Нацыянальнай алеі ў Вашынгтоне — 18.00 паводле менскага часу. Першыя групы ўдзельнікаў акцыі ўжо сабраліся і гатовыя да яе пачатку. Нефармальны галоўны колер адзеньня ўдзельнікаў — ружовы. Абавязковы аксэсуар — што-небудзь вязанае (напрыклад, шалік або шапачка).
У ружовым колеры прыйшлі на «маршы жанчын» і гэтыя дзьве жыхаркі Прагі:
The New York Times называе сёньняшні «Марш жанчын на Вашынгтон» «контра-інаўгурацыяй». Марш пачнецца з хвіліны на хвіліну, а першую прамову з трыбуны прамовіць амэрыканская журналістка, прадстаўніца руху фэміністак канца 60-х — пачатку 70-х гадоў Глорыя Стайнэм. Чакаецца, што на марш прыйдзе і актывістка амэрыканскага леварадыкальнага руху 60-х гадоў Анджэла Дэйвіс, некалі шырока вядомую ў СССР. Праз 5 дзён Дэйвіс споўніцца 73 гады.
У Вашынгтоне сёньня не так ужо холадна, +12, але арганізатары маршу адкрылі ў цэнтры гораду некалькі пунктаў абагрэву для тых, каму стане зябка. У іх можна будзе выпіць кавы і перакусіць.
Карэспандэнт Радыё Свабода Карл Шрэк гутарыць з удзельніцамі акцыі. «Чаму вы вырашылі прыйсьці сюды?» — «У першую чаргу таму, што я жанчына, я адчуваю, што гэта мой абавязак — быць тут, асабліва ў такі гістарычны момант, як цяпер».
Гілары Клінтан, як мяркуецца, на марш хутчэй за ўсё ня прыйдзе — сама яна пра такія пляны ні разу не казала, а арганізатары не ўключылі яе ў афіцыйны сьпіс «жанчын, якія праклалі дарогу маршу». Тым ня менш, яна ўжо павітала яго ўдзельнікаў у твітэры:
«Дзякуй, што адстойваеце нашы каштоўнасьці. Цяпер гэта важна, як ніколі. Я сапраўды веру, што мы заўсёды будзем мацнейшыя разам!»
Акторка і актывістка Амэрыка Фэрэйра адкрыла марш прамовай. «Прэзыдэнт — не Амэрыка! Мы — Амэрыка! — абвясьціла яна».
А гэта 89-гадовы Чарлі Бротман. На працягу 60 гадоў ён быў афіцыйным вядучым цырымоніяў інаўгурацыі амэрыканскіх прэзыдэнтаў. Паводле Бротмана, ён ужо пачаў рыхтавацца да інаўгурацыі 45-га прэзыдэнта ЗША, калі даведаўся, што Трамп адмовіўся ад яго паслуг, аддаўшы перавагу маладому радыёвядучаму Стыву Рэю. Бротман сказаў журналістам, што быў «прыдушаны» гэтым рашэньнем Трампа. Сёньня ён — адзін з удзельнікаў «Маршу на Вашынгтон».
Дональд Трамп і віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс у гэтыя хвіліны ўдзельнічаюць у міжканфэсійным набажэнстве ў Вашынгтонскім катэдральным саборы. Гэтая традыцыя бярэ пачатак яшчэ з часоў прэзыдэнцтва Джорджа Вашынгтона.
Малебен служаць сьвятары розных канфэсій.
Першымі на «Марш жанчын» сёньня выйшлі жыхары Новай Зэляндыі. Пасьля далучыліся людзі ў Аўстраліі, Тайляндзе, Індыі, ПАР, Сэрбіі, Швэйцарыі і іншых краінах (для прагляду галерэі націсьніце на малюнак):
Жыхаркі Нью-Ёрку зьбіраюцца на свой уласны марш, які пачнецца праз гадзіну зь лішнім.
Актывістка Глорыя Стайнэм крытыкуе розныя палажэньні праграмы Дональда Трампа - у тым ліку яго абяцаньні пабудаваць сьцяну на мяжы з Мэксыкай.
Тыя, хто выйшлі на падобны марш у Бэрліне, прасілі перадаць, што сьцены не дапамагаюць.
Таксама Стайнэм асудзіла антыісламскія настроі.
Калі вы будзеце складаць сьпісы мусульман, мы ўсе зарэгіструемся як мусульмане.
68-гадовая ўдзельніца «Маршу жанчын», якая прыехала ў Вашынгтон з штату Дэлавэр: «У мяне былі такія вялікія надзеі на будучыню, калі прэзыдэнтам быў Барак Абама. Мы спадзяваліся, што Гілары працягне яго працу. Мы не дазволім гэтаму скончыцца проста так».