Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рутэнка як прыклад рацыянальнага патрыятызму


Сяргей Рутэнка
Сяргей Рутэнка

Найбольшая зорка айчыннага гандболу апошніх гадоў — Сяргей Рутэнка, абвесьціў пра заканчэньне спартовай кар'еры.

Абвесьціў напярэдадні чэмпіянату сьвету ў Францыі, куды наша каманда трапіла, прайшоўшы цяжкі адбор, дзе у накаўт-раўндзе з латвійцамі той жа Рутэнка згуляў адну з ключавых роляў.

Трэба сказаць, што нашы гандбалісты — адна зь нешматлікіх каманд, якія апошнім часам стала прысутнічаюць на топ-спаборніцтвах, і ў гэтым таксама ёсьць важкі ўнёсак Рутэнкі .

На прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай завяршэньню спартовае кар'еры, Рутэнка зазначыў, што зрабіў для зборнай усё, што мог, ягонае сумленьне чыстае і цяпер ён плянуе заняцца бізнэсам.

Гэтая заўвага пра чыстае сумленьне — ня проста фраза. Яна мела сваю гісторыю й падтэкст.

Гадоў дзесяць таму гандбольная зборная краіны, шчыра кажучы, не бліскала. Былая слава беларускага гандболу ўвогуле й менскага СКА ў прыватнасьці на той час пасьпела пакрыцца попелам. Тады раптам на беларускі спорт зваліліся вялікія грошы.

Спорт, як вядома, удзячная глеба для засваеньня вялікіх грошай. Але колькі мы ведаем прыкладаў, калі нават вялікія грошы не давалі ніякіх вынікаў і ні да чаго не прыводзілі. Што праўда, у нашым выпадку справа зрушылася, і паступова беларускі гандбол пачаў ажываць.

Рэанімаваць гандбол было даручана Ўладзімеру Канаплёву, які на той момант сышоў з палітычнае трыбуны і заняў пасаду старшыні фэдэрацыі гандболу.

Пачаліся перамовы з тымі, хто мог рэальна ўзмацніць каманду, але з розных прычынаў памяняў ці знаходзіўся ў стане зьмены грамадзянства й плянаваў сваю спартовую будучыню ў складзе камандаў іншых краін.

Што прапаноўваў Канаплёў за вяртаньне ў родныя пенаты былым нашым зборнікам і спэцыялістам, цяжка сказаць, але працэс, як той казаў, пайшоў.

Новым трэнэрам нацыянальнай каманды стаў Юры Шаўцоў, алімпійскі чэмпіён і былая зорка менскага СКА, які меў добрую трэнэрскую практыку ў Нямеччыне.

Канаплёву ўдалося вярнуць пад сьцягі беларускай зборнай Сяргея Рутэнку, на той час — топ-гандбаліста, неаднаразовага ўладальніка Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў.

Вяліся размовы наконт вяртаньня ў каманду апроч Рутэнкі, яшчэ і Андрэя Клімаўца, які выступаў у Нямеччыне, і Сяргея Гарбока, які наважыўся гуляць за Расею.

Што б ні казалі і якія б прычыны не падводзілі спартоўца да гэтае мяжы, але зьмена спартовага грамадзянства адбіваецца на любым атлеце. Гэта досыць сур'ёзны крок, ня столькі тэхнічны, колькі псыхалягічны. Ты трапляеш у сытуацыю, калі магчыма будзеш гуляць супраць сваёй радзімы, што ў будучым і здарылася з Андрэем Клімаўцом, які ў складзе нямецкай каманды перамог зборную сваёй радзімы. Камфортнай такую сытуацыю назваць нельга, якія б грошы табе не прапаноўвалі й якія б трафэі перад табой не зьзялі.

Канаплёву не ўдалося сабраць беларускую гандбольную каманду мары.

Клімавец, памяняўшы грамадзянства, пасьпеў стаць у складзе каманды Нямеччыны чэмпіёнам сьвету і цяпер муштруе каманду адной зь мінорных нямецкіх ліг.

Гарбок, спачатку паабяцаўшы вярнуцца ў беларускую зборную, усё ж выбраў зборную Расеі, дзе цяпер і гуляе. Праўда, абумовіўшы ў сваім кантракце з расейцамі пункт, што ня будзе гуляць матчы супраць каманды Беларусі, але тым ня менш выклікаў шквал нэгатыву на свой адрас з боку беларускіх чыноўнікаў і асабліва заўзятараў.

Але глянем на праблему трошкі пад іншым вуглом.

Сяргей Рутэнка таксама мог адмовіцца ад прапановы Канаплёва, аформіць гішпанскае грамадзянства й выйграць з камандай Гішпаніі які-небудзь тытул, але неўзабаве, празь пяць-сем гадоў, — канец спартовай кар'еры, і што далей?

Трэніраваць каманду мінорнай гішпанскай лігі?

Здаецца, Сяргей Рутэнка адзіны з тых гульцоў, хто дакладна ацаніў кошт прапановы Ўладзімера Канаплёва. Вяртаньнем у беларускую зборную ён, па-першае, зьняў праблемы нутранога псыхалягічнага дыскамфорту. Па-другое, забясьпечыў сабе пасьпяховую пасьляспартовую пэрспэктыву.

Ведаючы сыстэму дзейнасьці айчыннага бізнэсу, які мае вялікі адміністрацыйны складнік, неяк верыцца, што зь бізнэс-праектам, пра які гаварыў Рутэнка на прэс-канфэрэнцыі, усё ў яго атрымаецца.

Здаецца, Рутэнка знайшоў тое спалучэньне рацыянальнага й патрыятычнага, якое дазволіць яму спакойна глядзець у прышласьць. А такое ўдаецца далёка ня кожнаму, бо гэта якасьць сапраўдных прафэсіяналаў, якая не абмяжоўваецца выключна спортам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG