Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская таксама дзяржаўная». Матолька і Случак стварылі пэтыцыю за дзьве мовы на этыкетках


Пакуль няма нормы пра беларускую мову на ўпакоўках, беларусы прадэманстравалі гатоўнасьць даплочваць за беларускамоўныя этыкеткі.

На сайце petitions.by зьявілася пэтыцыя за падачу інфармацыі аб таварах і паслугах на абедзьвюх дзяржаўных мовах Беларусі: беларускай і расейскай. Пэтыцыю стварыў блогер Антон Матолька, ён кажа Свабодзе, што ідэя належыць каардынатару грамадзкай ініцыятывы «Справаводзтва па-беларуску» Ігару Случаку.

Пэтыцыя мае быць накіраваная ў адміністрацыю Лукашэнкі і Палату прадстаўнікоў.

У пэтыцыі гаворыцца, што цяпер у Беларусі дзейнічае закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», паводле якога інфармацыя пра тавары і паслугі павінна даводзіцца да спажыўцоў па-беларуску або па-расейску. Гэта значыць, абавязку даваць інфармацыю па-беларуску няма, і вытворцы ў асноўным ігнаруюць беларускую мову і правы беларускамоўных спажыўцоў.

Усе іншыя краіны Эўразійскага эканамічнага саюзу ў сваім нацыянальным заканадаўстве маюць патрабаваньне выкарыстоўваць пры інфармаваньні пра тавары і паслугі дзяржаўную мову. У пэтыцыі прапануецца ўнесьці адпаведныя зьмены ў беларускі закон: абавязаць вытворцаў даводзіць інфармацыю на абедзьвюх дзяржаўных мовах.

«Беларуская мова на таварах — гэта не фанабэрыя, а раўнапраўе, гарантаванае Канстытуцыяй»

Супраць беларускай мовы на этыкетках раней выказваўся намесьнік міністра гандлю Эдвард Матуліс. Ён прыводзіў у прыклад зьвесткі з ААТ «Савушкин продукт» (бел. «Савушкаў прадукт»), паводле якіх пераклад этыкетак на беларускую падвысіць сабекошт прадукцыі.

Тым часам на сайце Talaka.by беларусы пасьпяхова сабралі 2071 рубель (каля 1000 эўра) на стварэньне ўпакоўкі на дзьвюх дзяржаўных мовах. Мэтавай сумы дасягнулі за два дні, а да завяршэньня збору грошай засталося яшчэ 58 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG