Расейскі прапагандыст Уладзімер Салаўёў заявіў у Twitter, што запрашэньні, якія высылаліся рэдактарцы «Хартыі-97» Натальлі Радзінай, рэдакцыі «Нашай нівы» і іншым адносна плянаванай перадачы на тэму «хто зьменіць Лукашэнку», былі фальшывымі. У распаўсюдзе непраўдзівай інфармацыі ён абвінаваціў «Нашу ніву».
Тэлефон ВГТРК, пазначаны ў лісьце, не адказвае.
Ад імя нібыта прадусаркі расейскай тэлеперадачы «Вечар з Уладзімірам Салаўёвым» беларусам рассылалі лісты з запрашэньнем на ўдзел у здымках 11 студзеня перадачы на тэму «Хто заменіць Лукашэнку». Пра ліст расказала галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Натальля Радзіна, а ў «Нашай Нівы» прадусары нібыта прасілі кантакты вядомых беларусаў.
«Размова пойдзе пра палітычную і эканамічную сытуацыю ў Беларусі, замежную палітыку, стасункі з Расеяй і Эўразьвязам, арышты прыхільнікаў „русского мира“, зьніклых палітыкаў, падручнікі гісторыі», — гаворыцца ў разасланым запрашэньні.
За 100 сэкундаў. У Менску пратэставалі супраць Салаўёва:
Салаўёў асабіста наведваў Менск у лістападзе, выступаў з «творчым вечарам» у Палацы Рэспублікі. Супраць яго прыезду пратэставалі актывісты «Маладога фронту». У час прэс-канфэрэнцыі перад выступам ён распавёў анэкдот пра Лукашэнку, назваў галоўную памылку Пуціна і зьняважліва выказаўся ў адрас незалежнай журналісткі.