Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белсат у агні


Жарсьці па Белсату шалеюць. Будзе ці ня будзе існаваць.

Калі будзе, у якім фармаце й на колькі скасуюць бюджэт. Якія праграмы й хто асабіста застанецца працаваць. На якой мове будзе вяшчаньне. Хто і як будзе аддаваць панабіраныя журналістамі ў польскіх банках крэдыты.

Пытыньні, пытаньні, пытаньні...

Тым часам цягнецца флэшмоб #белсатжыві. Выходзіць з плакатам-патрабаваньнем да беларускіх уладаў прафінансаваць канал Павал Севярынец. Эмацыйна камэнтуюць магчымае закрыцьцё Белсату апазыцыйныя палітыкі, незалежная прэса й рэсурсы «русского мира».

Словам — дзьвіжуха, іскры, агонь. Тое, чаго каналу не хапала праз усе дзевяць гадоў існаваньня. Але, трэба прызнаць, сапраўднай магутнай народнай падтрымкі гэтага флэшмобу няма.

Чаму так здарылася, што канал, які мог стаць рычагом, які перакуліў бы беларускую рэчаіснасьць, спыніўся на ролі абслугоўваньня патрэб апазыцыі, ня здолеўшы прарвацца далей за зачараванае кола й выцягнуць туды тую самую апазыцыю.

Ня выдаўшы толкам за час сваёй працы ніводнае крэатыўнае ідэі. Дзе форма, за рэдкім выключэньнем, пераважала над зьместам. Наўрад ці ў гэтым вінаватыя беларускія журналісты, бо не яны вызначалі генэральную лінію.

Белсат ёсьць польскім каналам для Беларусі. Ключавое слова — польскім, дзе ўсе лёсавызначальныя крокі прымаў польскі бок.

Пэўна з волі польскага мэнэджмэнту Белсат пазыцыянаваў сябе як вялікая тэлевізія. Як роўны сярод роўных побач з Polsatам, Poloniaй, TVP 1, 2, 3 і г.д., хоць працаваў уласна ня ў польскай мэдыя-прасторы й меў іншую вагавую катэгорыю альбо пыжыўся й спрабаваў супернічаць з БТ 1, 2, 3, хоць меў у разы меншае фінансаваньне, досьвед і непараўнальна горшыя ўмовы працы, чым усе пералічаныя тэлевізіі.

Да таго ж, у адрозьненьне ад іх, працаваў фактычна ў ваенных умовах, але ўпарта апранаў на сябе большы памерам цывільны пінжак і гальштук заміж падагнанага па фігуры швэдра ці камуфляжу.

Нявызначаны статус — прыкмета палявой тэлевізіі, якая цалкам розьніцца ад звычайнай, бо існуе ў зусім іншым кантэксьце і форма яе дзейнасьці таксама мусіць быць зусім іншая.

Такая нутраная супярэчнасьць паміж формай, зьместам і кантэкстам не дазваляла каналу вызначыцца з канцэпцыяй — хто ён, што ён, дзеля чаго ён.

Не атрымалася і ўцямнай праграмнай палітыкі, дзе актуальная й зьмястоўная праграма «Людзкія справы» існавала побач з ток-шоў, якія вярталі цябе ў забытае савецкае тэлебачаньне 1970-х, бо ясна як божы дзень, што «вялікая сучасная тэлевізія» па-просту абавязаная мець сваё ток-шоў, хоць адпаведных рэсурсаў, ні кадравых, ні фінансавых, на гэта не было.

Канал стаў закладнікам і ахвярай не адно памылак мэнэджмэнту, але й пазыцыйнай палітычнай вайны, дзе на працягу дзевяці гадоў ягонага існаваньня адбываліся адно занудныя перастрэлкі з рэдкімі спробамі наступаў пад час прэзыдэнцкіх выбараў.

Але на ўсходнім фронце перамен не адбылося і, нарэшце, кан'юктура зьмянілася. Памянялася ўлада ў Польшчы, Эўразьвяз сутыкнуўся зь міграцыйнымі праблемамі, і манэтка ўдачы перакулілася для Белсата з арла на рэшку.

Такі зьменлівы лёс усіх датацыйных замежных мэдыйных праектаў. Сьледам сіняе полымя нябыту можа падабрацца да Эўрарадыё ці Хартыі97, за якіх, апроч апазыцыі, таксама мала хто можа заступіцца, у адрозьненьне, скажам, ад Радыё Рацыя, якое можа разьлічваць на падтрымку беларускай нацыянальнай меншасьці на Беласточчыне альбо Радыё Свабода, якое мае шчыльную сувязь і падтрымку нацыянальных дыяспар, якія, у сваю чаргу, жорстка ўмантаваныя ў канструкцыю палітычнае сыстэмы ЗША.

Што толку дапякаць цяпер польскіх правых, якія сёньня пры ўладзе. Пры ўсім сваім валюнтарызме, наўрад ці рашэньне пра закрыцьцё каналу палякі прымалі выключна самастойна, без кансультацыяў са старэйшымі таварышамі з Эўразьвязу.

Да таго ж трэба ўлічваць, што ПіС — не прасунутыя нацыяналісты, а прадстаўнікі даволі кансэрватыўнай фармацыі палітыкаў са сьвядомасьцю мінулага стагодзьдзя. Для якіх важней аказаліся, як паказала сытуацыя з Украінай, умоўна кажучы «крэсы всходне», чым пэрспэктыва сутыкнуцца з «русским миром» тэт а тэт.

Наўрад ці іх проймуць выкладзеныя ў інтэрнэце рэйтынгі, статыстычныя выкладкі колькасьці гледачоў канала й згадкі, што Радыё Свабода й ВВС вяшчалі на Польшчу за грошы сваіх падаткаплатнікаў значна большы час.

Пакуль лёс Белсату ня вырашаны, існуе прынамсі дзьве прычыны падтрымаць канал: першая — беларуская мова каналу, другая — карпаратыўная салідарнасьць.

На маім вяку зьнікалі і значна больш крэатыўныя праекты — першая незалежная тэлевізія ММ4; радыё 101,2; газэты «Свабода», БДГ, «Имя» й нарэшце «Наша Ніва» 1990-х, ідэямі якой беларускае грамадзтва натхняецца дагэтуль.

Таму я далучаюся да таго флэшмобу #белсатжыві, хоць ад словазлучэньня гэтага хэштэгу мяне плюшчыць. Нібы выцягнутага з плыні тапельца ў гістэрыцы лупцуюць па шчаках, просячы ажыць.

Калі каналу ўсё ж дазволяць існаваць, без радыкальных зьменаў яму не абысьціся. Форма мусіць адпавядаць зьместу й кантэксту.

Калі ж Белсату, як мэдыйнай структуры, наканавана згарэць у полымі палітычных гешэфтаў, то ў любым выпадку застаюцца журналісты, якія там працуюць. Са сваёй энэргіяй, досьведам ды ідэямі, якія чакаюць рэалізацыі.

Па вялікаму, шаноўныя калегі, нічога не мяняецца.

Як той казаў, калі недзе чагосьці ўбавіцца, то абавязкова недзе нешта дадасца. Спрабуйце стварыць сваё.

Закон захаваньня энэргіі ніхто не адмяняў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG