Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ правёў затрыманьні за хабар на МТЗ, МАЗе, БелАЗе і «Гомсельмашы»


Менскі трактарны завод
Менскі трактарны завод

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі затрымаў службовых асобаў чатырох буйных прадпрыемстваў — Менскага трактарнага заводу, Менскага аўтазаводу, «БелАЗу» і «Гомсельмашу».

Пра гэта 19 сьнежня паведаміла прэс-служба КДБ.

Паводле Камітэту дзяржбясьпекі, прадстаўнікі кіраўніцтва і работнікі прадпрыемстваў машынабудаўнічага комплексу за незаконныя ўзнагароды ад камэрцыйных структураў забясьпечвалі прасоўваньне прадукцыі апошніх. З 2013 году за прыём сыравіны і камплектаваньня з элемэнтамі браку, выдачу фіктыўных заключэньняў аб якасьці, за атрыманьне зьвестак аб пэрспэктыўных распрацоўках ім перададзена хабару на суму ня менш як 200 тысяч даляраў.

З 5 па 7 сьнежня 2016 году пры атрыманьні хабару на суму больш за 7,5 тыс. рублёў з доказамі злачынства затрыманыя чацьвёра прадстаўнікоў МТЗ, МАЗу і БелАЗу.

Сярод іх фінансавы дырэктар — намесьнік генэральнага дырэктара ААТ «МТЗ» Ніна Прымшыц.

Акрамя гэтага, за атрыманыя раней узнагароджаньні ў памеры каля 40 тысяч рублёў затрыманы яшчэ 4 супрацоўнікі канструктарскіх і плянава-эканамічных падразьдзяленьняў МТЗ.

У дачыненьні да згаданых асобаў распачатыя крымінальныя справы паводле артыкулаў за атрыманьне хабару і прыняцьце незаконнага ўзнагароджаньня.

Затрыманыя ўзятыя пад варту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG