Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачвара зь дзіцячых жахаў, якая краналася трох акіянаў


Джон Генры Фюсьлі «Кашмар» (1781)
Джон Генры Фюсьлі «Кашмар» (1781)

Зноў Яно! Сярод ночы падскочыла на ложку, спрабуючы ўтаймаваць шалёнае тахканьне сэрца, запаволіць дыханьне загнанага ў пастку зьвера. Пачвара, велічная, грандыёзная, якая прыходзіць па начох зь дзяцінства, каб каціцца на цябе з гары, падмінаць пад сябе, сьціскаць у сваіх агідных абдымках. Ты ня можаш справіцца зь ёй, занадта вялікая прорва паміж памерамі — тваімі і Пачвары, якая расьце і расьце, за кошт такіх бездапаможных, асабліва сонных. У яе такі задушлівы смурод, вусьцішна, калі цябе накрывае, і няма куды дзецца. Бяжыш, а ззаду напружана і настойліва дыхае ў патыліцу Яно. Адчай. Застаецца толькі бездапаможна здацца. Ці прачнуцца, і сутаргава шукаць вачамі што-кольвек, што аддаліць Пачвару, шукаць нешта блізкае табе, намацаць пад рукамі нешта роднае — коўдру, галаву, мяккі дыванок пад нагамі, азірацца на шафы з кнігамі, аўтары якіх нібы супакойваюць: «Нічога, ня так і страшна, у нас было яшчэ горш».

Можа быць, што гэтыя жахі пачаліся з таго верша, які я так саромелася расказваць на ранішніку ў школе? Да твару колеру піянэрскага гальштука, да здрадніцкіх дрыжыкаў у каленях агідна было такое чытаць, а яшчэ потым і дэклямаваць. «Касаясь трех великих океанов, она лежит, раскинув города. Покрыта сеткою меридианов. Непобедима, широка, горда». О гэтае «кранаючыся акіянаў», «раскінуўшы гарады» — пры гэтых радках я ня ведала, куды дзець вочы. Мне чамусьці дурное ўяўленьне ўсе нейкія брыдкія карцінкі падсоўвала на гэты момант. Здавалася, што нейкае Яно, п’янае-дранае, нахабнае, ляжыць, нешта там раскінуўшы, шырокае і ганарлівае. Пачвара нейкая. Палохала гэтае грандыёзнае, велічнае, гіганцкае, з раскінутымі нагамі, цьфу, гарадамі. Шырокае і ганарлівае. Ляжыць па мэрыдыянах і кранае акіяны сваімі тлустымі валасатымі пальцамі. Адчапіся, ляжы сабе ціха, ты сьмярдзіш ужо, нябожчык. Хоць і намагаюцца цябе падняць з труны, абазваўшы іншымі абрэвіятурамі, цягаюць па гарадах, як раней у цырку паказвалі за грошы розных калек — труп, прыбраны ў каляровыя стужкі кіслотных колераў. Кажуць — маці гэта ваша, пакланіцеся ёй дзеці, пацалуйце ручкі.

З той пары, з таго ранішніку, як той казаў, людзі пераселі з кабылак і конікаў на касьмічныя караблі, з лавак у парку моўчкі перапаўзьлі на свае канапы, і падключыліся да Інтэрнэту, усе мэрыдыяны пакрылі нябачныя сеткі без аніякага дроту, тэлефон можна пакласьці ў кішэню і глядзець у ім кіно... Я недзе чула, чытала ці глядзела, што марскія чарапахі гінуць ад таго, што прымаюць плястыкавае сьмецьце за мэдуз, ядуць яго і — сьмерць. Таму ўжо прыдумалі піва зь ядомымі коркамі, якія, калі трапяць у сьметнік і ў мора, то чарапахі іх праглынуць і «дзякуй» скажуць. А недзе, як і раней, падымае сваю галаву, раскідвае свае ногі шырокая і ганарлівая Пачвара.

... А яшчэ быў у школе такі верш: «Не русский я, но россиянин, чести нет выше! Я страны советской сын, нам вместе жить и подниматься выше — к сиянию сверкающих вершин!». Ня рускі — але расіянін? Да якога там зіхаценьня вышынь трэба ўздымацца? Разам з кім? Школа добра-такі дапамагла мне ў разьвіцьці розных памежных станаў! На беларускай мове настаўніца дзяўбла галаву цьвікамі, што мы — беларусы, і мова наша — самая прыгожая, і «не цурайцеся», і «не адракайцеся, каб ня ўмерлі!», і прапанавала разьдзяліць зь ёй кпіны з аднавяскоўцаў, якія паступілі ў навучальныя ўстановы сталіцы і пачалі «каверкаць» родную мову і казаць «Ехала на рёвары, зачепілася за дрёт, разадряла новые панчёхі». Сьмешна, праўда? Рагаталі і мы разам з кляснай. Да той пары, пакуль не паехалі у «Горад», — і там ужо ўволю рагаталі з нас, якія не маглі, хоць ты плач, сказаць мякка так, па-гарадзкому: «Чяй, ключь» ці яшчэ што там. Мае суседзі па інтэрнаце адмыслова часам прыходзілі і пачыналі «троліць» мяне: «А скажы «чай»? А скажы «ключ»? — і пры маіх адказах перагіналіся ад рогату. Сьмешна. Лепш наогул маўчаць або вельмі абачліва і пільна ставіцца да кожнага слова, карыстацца неабходным для выжываньня мінімумам «Дай хлеб. Пайду на уліцу. Спасіба. Да свіданія» — ужываць толькі такія словы, якія ня выкрыюць мяне.

Але я не пра гэта.

Пачвара ўсё намагаецца легчы зноў паміж трох акіянаў, раскінуць што-небудзь і кранацца акіянаў, пакрыўшыся сеткай мэрыдыянаў ці калючым дротам. Адзін народ, адна гісторыя, адна мова, адна будучыня.

Я тады таксама была ў шостай клясе, як і гэтыя малыя недарэкі зь іх правадыром-кляснай. У Лельчыцах (думаю, і ня толькі там) «Россотрудничество» дапамагае беларускім дзеткам знайсьці сабе «братоў і сясьцёр» на абшарах недаробленай «імпэрыі» СНД.

Маленькія палешукі пад чулым кіраўніцтвам сваёй настаўніцы напісалі такое пасланьне на конкурс: «Ребята! У нас так много общего: общая Родина — СНГ, мы говорим на общем для нас русском языке, у нас общие интересы и, мы уверены, общая мечта — изменить мир к лучшему!» У конкурсе прымалі ўдзел і настаўнікі, якія дэманстравалі прыёмы пэдагагічнага майстэрства, якія дазваляюць «увлечь учащихся в мир русской словесности». Настаўніцы той нават далі дыплём конкурсу «Мая радзіма — СНД».

Пачвара, што раскідвае свае ногі на розныя гарады, недзе шчэрыць зубы, і касавурыцца на мэрыдыяны, рыхтуе калючы дрот, каб аплесьці іх усіх, агарнуць сваёй «любоўю». ...Расьці можа і добра, калі малы, у вялікай сям’і, але прыходзіць час жаніцца ці выходзіць замуж, будаваць уласны дом, адсяляцца, бо адна хатка ня зьмесьціць усіх нявестак, зяцёў, унукаў і праўнукаў. Гэта ўрэшце ненармальна — жыць разам усім у адной хатцы. Непазьбежныя сваркі і звадкі прывядуць да таго, што гара непаразуменьня будзе расьці і расьці, намагаючыся раскатаць цябе катком, на блін, і прыдушыць. Як тая Пачвара, што прыходзіць ноччу. Ці некалі выбухне так, што чарцям будзе сьмешна. Ці нехта схопіцца ўрэшце за нож ці сякеру.

Лепш жыць у сваёй уласнай хаце, пры сваім родным цяпельцы. Дарослыя павінны мець свой дом, клапаціцца і за сябе, і за сям’ю, а ня бегаць да мамкі і таткі і прасіць у іх грошай ці паесьці. Недарэчна выглядаюць 40-гадовыя бэйбусы, якім маці кажуць: «Лёшанька, зашпілі куртачку! Лёшанька, адзень шапачку!» Звычайна з такіх кпяць, і яны на ўсё жыцьцё застаюцца «Пецькамі», «Мішкамі», «Сьветкамі». Бо ня вырасьлі. Але і так, канечне, можна жыць, чаго там.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG