Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч: карта паляка не павінна шкодзіць інтарэсам Беларусі


Міхаіл Мясьніковіч
Міхаіл Мясьніковіч

На сустрэчы з польскай дэлегацыяй на чале з маршалкам Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Міхаіл Мясьніковіч з задавальненьнем адзначыў інтэнсыфікацыю дыялёгу Беларусі і Польшчы, перадае БелаПАН. Ды Мясьніковіч выказаў сумневы наконт карты паляка.

«Гэтае пытаньне патрабуе сур’ёзнага вывучэньня на ўзроўні экспэртаў. Такая палітыка стымулюе эміграцыю моладзі, высокакваліфікаваных спэцыялістаў зь Беларусі ў Польшчу, а гэта не павінна наносіць шкоду інтарэсам маёй краіны», — заявіў Мясьніковіч пра карту паляка, якую аднёс да «далікатных тэмаў».

Карта паляка дае этнічным палякам іншых краінаў, у тым ліку Беларусі, бясплатныя шматразовыя візы ў Польшчу, права працаваць у Польшчы без спэцыяльнага дазволу, атрымліваць бясплатную адукацыю і займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю нароўні з палякамі, зьвяртацца па бясплатную экстраную мэдычную дапамогу; яна спрашчае атрыманьне віду на жыхарства і польскага грамадзянства.

На сярэдзіну 2016 году карту паляка мелі каля 75 тысяч беларусаў, але 13% наогул не карысталіся ёй, большасьць жа карысталася толькі для атрыманьня візы. Беларускім дэпутатам ад 2012 году забаронена карыстацца картамі паляка.

Таксама Мясьніковіч выказаўся за тое, каб беларуска-польская супраца спрыяла кантактам Нацыянальнага сходу Беларусі з парлямэнтамі краінаў Эўразьвязу (беларускія выбары не прызнаюцца Эўразьвязам дэмакратычнымі). Ён адзначыў, што «канструктыўныя стасункі» між парлямэнтамі Беларусі і Польшчы «кантрастуюць з пазыцыяй эўрапарлямэнтароў».

Карчэўскі ў сваю чаргу адзначыў, што польскі бок мае вялікія чаканьні ад візыту, ды нагадаў, што візыт адбываецца ў 25-ю гадавіну прызнаньня Польшчай незалежнасьці Беларусі (на самой справе Сэйм Польшчы ўжо 31 жніўня 1991 г. дэкляраваў прызнаньне незалежнасьці Беларусі — Польшча была першай краінай сьвету, якая прызнала незалежнасьць Беларусі). Пасьля заканчэньня перамоваў была падпісаная супольная заява аб супрацоўніцтве паміж Саветам Рэспублікі Беларусі і Сэнатам Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG