Улады анэксаванага Расеяй Крыму сьцьвярджаюць, што арышт, накладзены Ўкраінай на калекцыю золата скіфаў у крымскіх музэях, не мае юрыдычнай сілы. З такой заявай выступіў у суботу адзін з крымскіх чыноўнікаў Георгій Мурадаў.
Калекцыя скіфскага золата — агулам каля двух тысяч артэфактаў — была вывезена з крымскіх музэяў на выставу «Крым: золата і сакрэты Чорнага мора» у археалягічны музэй Алярда Пірсана ў Амстэрдаме ў пачатку лютага 2014 году, паведамляе расейскае агенцтва «Новости», гэта значыць яшчэ да анэксіі Крыму Расеяй. Украіна лічыць калекцыю сваёй уласнасьцю. Паводле агенцтва «Новости», акруговай суд Амстэрдама плянуе вынесьці вэрдыкт па справе гэтай калекцыі 14 сьнежня.
Раней Пячэрскі раённы суд Кіева наклаў арышт на музэйныя экспанаты, а пастанова была накіравана ў Інтэрпол, каб абвясьціць калекцыю ў міжнародны вышук.