Сьвятлана Алексіевіч 28 лістапада атрымала ганаровую доктарскую ступень ад Такійскага ўнівэрсытэту замежных моваў.
У сваёй лекцыі ва ўнівэрсытэце беларуская нобэлеўская ляўрэатка закранула, сярод іншага, тэму тэхналягічных пагрозаў у сучасным сьвеце.
Алексіевіч, якая 26-27 лістапада наведала перасяленцаў у прэфэктуры Фукусіма, пацярпелых ад радыяцыйнай аварыі на мясцовай АЭС у 2011 годзе, сказала, што адчула там нешта падобнае да таго, што адчувала пасьля аварыі Чарнобыльскай АЭС — менавіта, што «краіна ня ў змозе ўзяць поўную адказнасьць за жыцьцё людзей».
З другога боку яна ўбачыла, што ў японскім грамадзтве няма «культуры супраціву», цытуе пісьменьніцу прэс-агенцтва Кіёда.
Як мы паведамлялі раней, Сьвятлана Алексіевіч знаходзіцца з тыднёвай паездкай у Японіі, прымеркаванай да прэзэнтацыі японскага выданьня яе апошняй кнігі — «Час second hand». На мінулым тыдні пісьменьніца сустрэлася са студэнтамі і журналістамі ў Такійскім унівэрсытэце.