Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта нам КХЛ


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Легенда савецкага хакею, двухразовы алімпійскі чэмпіён Барыс Маёраў, задаў пытаньне кіраўнікам КХЛ — навошта КХЛ прымае ў свой турнір замежныя клюбы. Якая зь іх карысьць расейскаму хакею?

Пытаньне, якое раз-пораз задае нехта з выбітных расейскіх спэцыялістаў альбо функцыянэраў, асабліва тады, калі расейская зборная церпіць паразы на топавых міжнародных спаборніцтвах.

Зразумела, што праект КХЛ больш геапалітычны, чым камэрцыйны й спартовы, таму пытацца пра гэта варта не ў кіраўніцтва Лігі, а ў Крамля.

Адказы могуць гучаць прыкладна так: КХЛ — адзін з інструмэнтаў уплыву на суседзяў, уцягваньне іх спартовага й эканамічнага рэсурсу ў расейскую зону, прапаганда расейскага ладу жыцьця.

Тэхнічныя моманты ня важныя ў такой справе. Але ёсьць адна канфліктная рэч, што закладзеная ў сам праект.

Рэч гэтая — месца нацыянальнай зборнай Расеі на міжнародных спаборніцтвах. Бо гэтыя вынікі для расейцаў ня менш важныя, чым уласна праект-КХЛ.

Хакей, як вядома, для расейцаў спорт нумар адзін. Таму пытаньні накшталт таго, што задаў Барыс Маёраў, маюць права на існаваньне, і на іх камусьці з уладных людзей альбо кіраўнікоў Лігі прыйдзецца адказваць. Так здаралася ня раз, бо расейцы ніколі не паставяць КХЛ вышэй за алімпійскія гульні ці чэмпіянат сьвету.

Такая склалася традыцыя, і пакуль яна непарушная для расейскае публікі.

Але бог зь імі, з расейцамі.

Мне таксама карціць задаць пытаньне, але ўжо нашым функцыянэрам: што мы і беларускі хакей маем ад удзелу нашага «Дынама» ў турніры КХЛ?

Да таго моманту, як сталічнае «Дынама» выправілася ў новаствораную лігу, Беларусь мела даволі прыстойны ўласны турнір і вяла рэй у рэгіянальным хакейным разьвіцьці, стварыўшы ў сярэдзіне 1990-х Усходне-Эўрапейскую Хакейную Лігу, якая аб’яднала каманды краінаў ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Рос аўтарытэт, уплыў і вынікі беларускага хакею як унутры турніру, гэтак і на топ-турнірах пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі хакею.

Менавіта на гэтыя гады прыпадаюць найвышэйшыя дасягненьні нацыянальнай зборнай — чацьвертае месца на Алімпіядзе ў Солт Лэйк Сіці ў 2002 і шостае на Чэмпіянаце сьвету ў Рызе ў 2006.

У турніры УЭХЛ, асабліва ў плэй-оф, панавалі сапраўдныя жарсьці, жыла інтрыга, біла энэргія. Да нас пачалі прыяжджаць якасныя легіянэры з Расеі й Эўропы.

У 2007 Сталічнае «Юнацтва» атрымала перамогу ў фінале Кантынэнтальнага кубку над адной зь лепшых расейскіх каманд «Лякаматывам» з Омску.

Хакейныя палацы ня мелі недахопу ў гледачах, прычым не адно ў сталіцы, але па ўсёй краіне. У Гомелі й Наваполацку, Горадні й Магілёве, Салігорску й Жлобіне.

Ва УЭХЛ, пазьней рэфармаваную ў фармат Адкрытага чэмпіянату Беларусі, хакей быў такой напругі, што на лёдзе іскрыла.

Як не згадаць супрацьстаяньні «Юнацтва» й «Гомеля», зьніклага з далягляду менскага «Кераміна» й таго ж «Дынама», «Шахтара» й «Нёмна».

Усё гэта існавала да таго моманту, як на вышэйшым узроўні ў 2008 годзе было вырашана выправіць менскае «Дынама» ў КХЛ, падмацаваўшы гэты паход добрай паловай рэсурсаў, выдаткоўваных на ўвесь айчынны хакей.

З таго часу па інэрцыі яшчэ колькі гадоў якасьць беларускага хакею была трымалася на дасягнутай вышыні.

«Юнацтва» яшчэ стала другім і яшчэ раз выйграла Кантынэнтальны Кубак, нацыянальная каманда ня скатвалася да выжываньня ў вышэйшым эшалёне чэмпіянату сьвету, як на апошнім турніры ў Расеі, дзе ўсё вырашаў апошні матч з французамі.

Але менавіта з тае пары нацыянальны чэмпіянат пачаў імкліва губляць фінансавую падтрымку, папулярнасьць і, адпаведна, якасьць спаборніцтваў.

Канфлікт паміж айчынным турнірам і праектам «Дынама» ў КХЛ стаў відавочным.

Сёньня мы маем кволы турнір, дзе са старту ясна, хто ёсьць хто, і ў дадатак пустыя трыбуны скрозь ва ўсіх гарадах, дзе раней яны ламіліся ад заўзятараў. Добрае наведваньне «Менск-Арэны» ніяк не ратуе сытуацыю ў цэлым.

Салігорскі «Шахтар» сёлета не прайшоў групу Кантынэнтальнага кубку і апынуўся па-за фіналам чатырох, саступіўшы казахстанскай і італійскай камандам.

Трэнэр Андрэй Гусаў, называючы прычыны паразы, наракаў на адсутнасьць сапраўднае барацьбы ў чэмпіянаце Беларусі, у той момант, як, паводле сьведчаньняў тых жа казахстанцаў, палякаў і вугорцаў, у іх турнірах прахадных матчаў амаль не бывае.

Але калі нацыянальны чэмпіянат праходзіць без упартае барацьбы, як гадаваць прыстойную зьмену пакаленьняў, кім фармаваць нацыянальную каманду?

Стаўка на легіянэраў нічога не дала. Яны могуць рабіць пагоду ў клюбе, але не ў нацыянальнай камандзе, іншая спэцыфіка.

Таму пралёт нацыянальнай зборнай міма дзьвюх алімпіяд і абсалютна невыразнае «Дынама» ў КХЛ, якое толькі двойчы прабівалася ў плэй оф, вылятаючы пры тым на першай стадыі, абсалютна заслужанае становішча.

Наш клюб у КХЛ, калі ўжо так каму хочацца, мусіць быць камэрцыйным праектам, але не дзяржаўным, куды ўбухваюцца сродкі айчынных падаткаплатнікаў.

Гэты клюб ня можа быць цацкай ці аксэсуарам вялікай палітыкі для аднаго чалавека.

У нас няма людзей вагі і аўтарытэту Барыса Маёрава, каб задаваць такія пытаньні, як ён, нашым уладным людзям і патрабаваць ад іх адказу.

Таму пытаньне: навошта нам КХЛ, пакуль, на жаль, застаецца без адказу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG