Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Барбашынскі сказаў апошняе слова ў судзе. Яго брат памёр у СІЗА. Вырак заўтра

У Слуцкім раённым судзе 21 лістапада з апошнім словам выступіў Іван Барбашынскі, якога абвінавачваюць у супраціве міліцыянтам, спалучаным з гвалтам.

Ягоны брат Ігар таксама мусіў паўстаць перад судом, але памёр у СІЗА. На целе Ігара Барбашынскага знайшлі ня менш як 17 сьлядоў удараў цьвёрдым тупым прадметам.

Хоць Барбашынскіх абвінавачвалі ў супраціве міліцыянтам, Іван Барбашынскі сьцьвярджае, што супрацоўнікі патрульна-паставой службы пры затрыманьні зьбілі іх з братам Ігарам. Акрамя шматлікіх кровападцёкаў, у Івана зафіксавалі пералом двух рабрынаў.

Пракурор запатрабаваў для Івана Барбашынскага 3 гады хатняй хіміі, справу супраць памерлага брата спынілі. Адвакатка Юлія Станкевіч у размове са сваякамі Барбашынскіх выказала намер «змагацца далей», каб распачаць крымінальную справу па факце сьмерці Ігара Барбашынскага ў Жодзінскім СІЗА.

10:25 21.11.2016

Маці і нявеста Івана Барбашынскага чакаюць пачатку паседжаньня ў калідоры суду. Хутка Іван мусіць выступіць з апошнім словам.

10:27 21.11.2016

Маці спадзяецца на апраўданьне Івана

Маці Барбашынскіх Галіна Паўлаўна зазначыла Свабодзе:

«Мы вельмі спадзяемся на апраўдальны вырак, але будзем шчасьлівыя, калі Іван апынецца дома, няхай і з умоўным тэрмінам».

10:28 21.11.2016

Прывезьлі падсуднага

Івана Барбашынскага прывезьлі ў суд у аўтазаку.

10:34 21.11.2016

Паседжаньне пачалося.

10:39 21.11.2016

Падсудны: Мы з братам невінаватыя

Іван Барбашынскі выступіў з кароткім апошнім словам:

«Мы з братам не былі вінаватыя. Я не вінаваты. Спадзяюся на справядлівасьць суду».

10:40 21.11.2016

Судзьдзя забараніла карэспандэнтам рабіць фатаздымкі.

10:40 21.11.2016

Вырак будзе агучаны заўтра

Паседжаньне скончылася. Судзьззя Паўленка паведаміла, што абвяшчэньне выраку адбудзецца заўтра ў 14.30.

10:42 21.11.2016

Падсудны чакаў выраку сёньня

Падсудны Іван Барбашынскі адрэагаваў на абвестку судзьдзі аб тым, што вырак будзе заўтра: «Я так чакаў, што гэта будзе сёньня!»

10:43 21.11.2016

Сваякі падсуднага: Гэта зьдзек

Родныя Барбашынскага: «Мы не разумеем, навошта так зьдзекавацца зь людзей?»

11:05 21.11.2016

Айчым Івана Барбашынскага паведаміў карэспандэнту Свабоды: «Калі я прыходзіў да начальніка Слуцкага РАУС, той сказаў, што я кепска выхаваў свайго сына».

11:12 21.11.2016

Маці хоча накіраваць Івана ў шпіталь

Маці Івана Галіна Паўлаўна паведаміла Свабодзе, што па вызваленьні сына з-пад варты, якое чакаецца заўтра, павязе яго ў шпіталь.

11:26 21.11.2016

Фотагалерэя з суду:

XS
SM
MD
LG