Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герашчанка выказаў надзею на атрыманьне выніку ў справе забойства Шарамета да канца году


Антон Герашчанка
Антон Герашчанка

Народны дэпутат з фракцыі «Народны фронт», пазаштатны дараднік міністра ўнутраных спраў Антон Герашчанка спадзяецца, што да канца году будзе канкрэтны вынік у справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета.

Як ён сказаў у эфіры тэлеканалу «112 Украіна», «сьледчыя правялі велізарны аб’ём сьледчых работ, дапытаныя тысячы сьведак».

Паводле яго, адпрацоўваюцца ўсе магчымыя вэрсіі, і на сёньняшні дзень асноўныя зь іх ня тычацца журналісцкай дзейнасьці Шарамета.

Паводле слоў дэпутата, асноўная вэрсія, якую разглядае сьледзтва, — што заказчыкі забойства былі з Расеі. «Шарамет працаваў у Расеі, і ў яго былі кантакты ў бізнэс-асяродзьдзі і палітычным асяродзьдзі. Таму гэта асноўная вэрсія», — сказаў Герашчанка.

«У такіх заказных забойствах заўсёды пралічваюць наступствы, каб замятаць сьляды, таму ня можа быць хуткіх вынікаў. Тое, што злачынства будзе раскрытае і ліхадзеяў прыцягнуць да адказнасьці, сумневаў няма», — дадаў ён.

Раней у паліцыі заяўлялі, што асноўная вэрсія гібелі Шарамета — яго прафэсійная дзейнасьць.

Павал Шарамет, архіўнае фота
Павал Шарамет, архіўнае фота

У канцы верасьня міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заявіў, што сьледзтва ў справе пра забойства Паўла Шарамета «ідзе інтэнсіўна», але не паведамляў канкрэтнай інфармацыі, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва.

Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня ў цэнтры Кіева, падарваўшы аўтамабіль, якім ён кіраваў. Украінскія праваахоўнікі кваліфікуюць гібель журналіста як наўмыснае забойства.

Павел Шарамет — беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст тэлебачаньня, радыё і пэрыядычных выданьняў, у 1990-х — 2000-х гадах кіраўнік аддзелу спэцыяльных інфармацыйных праектаў расейскага тэлеканалу ОРТ, пасьля — «Першага каналу» ў Расеі. Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданьні «Українська правда», а таксама на радыё «Вести».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG