«Трэба больш кантактаваць, важна зьбіраць людзей у розныя групы — прыватны бізнэс, амбасады, арганізацыі. І гэты форум — прыклад такіх зносінаў. Учора мы пачулі шмат дакладаў пра ўмовы, якія ўплываюць на рост эканомікі.
У ЗША ў межах зьнешняй палітыкі прасоўваюцца ідэі павышэньня агульнага дабрабыту. Няма асобна зьнешняй палітыкі ад агульнай палітыкі, асобна эканамічнай палітыкі ад зьнешняй палітыкі. Мы пра гэта ў Дзярждэпартамэнце гаворым пастаянна. Зьнешняя палітыка — гэта эканамічная палітыка. Учора мой калега з Эўразьвязу спрабаваў знайсьці правільнае слова, якім можна назваць рэформы альбо зьмены. Гэта адаптацыя.
Мне спадабалася слова «адаптацыя». На фоне глябалізацыі ў вас ужо і выбару няма: альбо адаптавацца, альбо адстаць безнадзейна. Мы ўчора слухалі пра розныя сілы і фактары, якія пагаршаюць сытуацыю. Сёньня мы пагаворым пра тое, што адбываецца ў Беларусі, якія фактары дазваляюць вам уплываць на глябальныя працэсы.
Я тут знаходжуся толькі 2 месяцы, але ўжо актыўна кантактую зь міністэрствамі. Я разумею, што Беларусь не павінна адставаць, што Беларусі неабходна адаптавацца.
Усясьветны банк выпусьціў справаздачу, зь якой вынікае, што Беларусь імкнецца да прагрэсу, і я ў вашых міністэрствах чуў, што, паводле гэтага рэйтынгу, Беларусь прасоўваецца ўгору стабільна. Гэта тое месца, дзе можна весьці бізнэс.
Імідж, безумоўна, вельмі важны, і Беларусь ужо шмат зрабіла дзеля свайго іміджу. Але трэба зрабіць яшчэ больш.
Я быў зьдзіўлены, калі прыехаў сюды два месяцы таму. Калегі па амбасадзе спыталіся: а чаго ты чакаў? Я адказаў, што я нават і ня ведаў, чаго чакаць. Многія, хто думае пра інвэстыцыі ў Беларусь, хто ўваходзіць у інвэстыцыйныя фонды, камітэты, вымушаныя сачыць за навінамі за апошнія гадоў 10–15, але гэта ўсё састарэлая інфармацыя. Імідж надзвычай важны ў сучасным глябальным сьвеце, і вам трэба найхутчэй адаптавацца.
Я шмат гутарыў з калегамі, што трэба рабіць, каб зьмяніць імідж Беларусі. Чым хутчэй ён зьменіцца, тым хутчэй пойдуць замежныя інвэстыцыі. Я ня ведаю, якія даць парады цяпер. Але многія з вас ведаюць, што трэба рабіць зараз.
Урад можа хутка прыняць рашэньні, гэта складаныя рашэньні. І якраз з гэтай прычыны яны магчымыя.
Калі гаворка ідзе пра малы і сярэдні бізнэс, то ў ЗША гэта 60% новых працоўных месцаў з 1960-х — 1970-х гадоў. Гэта вялізная лічба. Але гэта істотны фактар. Вельмі вялікія грошы прыходзяць у прыватны бізнэс звонку. Пытаньне стаіць пра рызыкі, пытаньне стаіць пра юрыдычную сыстэму, якая павінна быць стабільная на доўгі тэрмін.
Калі я хаджу на падобныя канфэрэнцыі, а іх было шмат за апошнія 20 гадоў, часьцяком я вяртаюся і кажу калегам: «Ды нічога, нармальна». І забываюся пра іх. Трэба дамагчыся, каб не было такіх уражаньняў пасьля гэтай канфэрэнцыі, ня важна, дзе вы працуеце — у прыватным бізнэсе, ва ўрадзе. Трэба нешта рабіць, каб паляпшаць імідж. Мы можам дапамагчы, Амэрыка можа дапамагчы. Але нам патрэбныя інструмэнты, каб у нас былі аргумэнты ў размовах зь іншымі краінамі. Таму, вярнуўшыся на працоўныя месцы, падумайце, што можаце зрабіць вы, каб працэс пайшоў наперад і не спыняўся дзень за днём. І я перакананы, што адаптацыя, зьмены могуць замацавацца. І сапраўды Беларусь можа ўдзельнічаць паўнавартасна ва ўсясьветнай эканоміцы».