Супрацоўнікі ФСВП сьцьвярджаюць, што Дадзін ў грубай форме адмовіўся выходзіць з камэры, прымаць паставу для ператрусу, стаў хапаць іх за форменную вопратку. Пра гэта паведамляе расейская «Новая газэта».
Раней адвакат Аляксей Ліпцэр паведаміў, што падчас сустрэчы ў калёніі Дадзін паскардзіўся яму на зьбіцьцё і катаваньні пасьля таго, як у сярэдзіне кастрычніка актывіста перавялі ў штрафны ізалятар праз тое, што ў яго знайшлі падкінутыя лёзы і што ён зьвяртаўся да супрацоўнікаў калёніі на «ты». У знак пратэсту Дадзін абвясьціў галадоўку.
Пасьля гэтага, паводле адваката, яго спачатку зьбілі, потым падвесілі ў кайданках да столі так, што ён не дакранаўся нагамі да падлогі. «Фактычна стварылі яму катавальныя ўмовы, каб ён адмовіўся ад галадоўкі і згаджаўся з усім, што з ім там робяць», — сказаў Ліпцэр.
Адвакат адзначыў, што Дадзін пабаяўся расказаць яму пра гэта, але напісаў на паперы, паколькі начальнік калёніі пагражаў «закапаць яго за плотам», калі ён будзе скардзіцца, паведаміў Ліпцэр. Ліст Дадзіна, перададзены праз адваката, публікуе «Мэдуза».
Упаўнаважаны ў правах чалавека ў Расеі Тацьцяна Маскалькова ўзяла на асабісты кантроль сытуацыю з магчымымі катаваньнямі грамадзянскага актывіста Ільдара Дадзіна ў карэльскай калёніі, паведамляе «Інтэрфакс».
У сьнежні 2015 году Ільдара Дадзіна засудзілі да трох гадоў калёніі агульнага рэжыму. Пазьней тэрмін быў скарочаны да двух з паловай гадоў.
Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў Ільдара Дадзіна палітвязьнем. Абарона актывіста падала скаргу ў Эўрапейскі суд правоў чалавека.
Кіраўніцтва Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў па Карэліі пацьвердзіла, што «ўжыла сілу і спэцыяльныя сродкі» да актывіста Ільдара Дадзіна, асуджанага за неаднаразовы ўдзел у несанкцыянаваных пікетах.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1