Адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмтрыеў накіраваў зварот у Міністэрства падаткаў і збораў, каб высьветліць, колькі дзяржава траціць сродкаў на выяўленьне дармаедаў. І ці праўда, што гэтая працэдура абыходзіцца падаткаплатнікам даражэй, чым атрыманыя ад «сацыяльных утрыманцаў» сумы.
У адказе за подпісам намесьніка міністра Ўладзімера Муквіча паведамляецца, што мерапрыемствы, зьвязаныя з рэалізацыяй прэзыдэнцкага дэкрэту № 3 ад 2 красавіка 2015 году, фінансуюцца «за кошт грашовых сродкаў, якія выдзяляюцца зь бюджэту на фінансаваньне дзейнасьці Міністэрства».
Таксама ў адказе паведамілі, што інфармацыя пра колькасьць гэтых сродкаў «не зьяўляецца агульнадаступнай» і не падлягае разгалошваньню.
Камэнтуючы ліст, у фэйсбуку Андрэй Дзьмітрыеў адзначыў, што «ўлада засакрэціла выдаткі на пошук «дармаедаў».
Ён заклікае ўладу «адмяніць абразьлівы з пункту погляду маральнасьці і эканамічна неэфэктыўны падатак на дармаедаў». Таксама Дзьмітрыеў паведаміў, што лідэры кампаніі «Гавары праўду» зьвернуцца ў Палату прадстаўнікоў «з просьбай зрабіць дэпутацкі запыт і паказаць, ці апраўданы гэты збор».
«Упэўнены, засакрэчаная лічба стане яшчэ адным аргумэнтам на карысьць адмены несправядлівага пабору. Яшчэ раз заклікаем урад перайсьці ад рэпрэсіўнай тактыкі адносна людзей да стварэньня ўмоваў для разьвіцьця дзелавой, эканамічнай ініцыятывы на ўсіх узроўнях. Прыйшоў час рэформаў», — мяркуе Дзьмітрыеў.