Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне мужчыны-дэпутаты падаюць паліто і прапускаюць наперад», — Алена Анісім


Незалежная дэпутатка Алена Анісім (справа) з памочніцай у Палаце прадстаўнікоў
Незалежная дэпутатка Алена Анісім (справа) з памочніцай у Палаце прадстаўнікоў

Жанчыны-дэпутаткі часта сутыкаюцца з сэксуальнымі дамаганьнямі і гвалтам, сьведчыць даклад Міжпарлямэнцкага зьвязу (міжнародная арганізацыя, што займаецца каардынацыяй дзеяньняў парлямэнтаў сьвету), які складаецца з парлямэнтаў 170 краін, сярод якіх і Беларусь.

Як паведамляе BBC, у даследаваньні ўзялі ўдзел 55 дэпутатак з розных краін сьвету.

Больш як 80% паведамілі, што сутыкаліся з тымі ці іншымі выпадкамі псыхалягічнага ціску ці сэксуальных дамаганьняў.

Дэпутатка з Эўропы паскардзілася, напрыклад, на тое, што за чатыры гадзіны атрымала ў «Твітэры» звыш 500 пагроз згвалтаваньня.

Яе калега з Азіі заявіла, што атрымлівала пагрозы прычыненьня шкоды яе сыну. Пры гэтым той, хто пагражаў, ведаў, у якую школу ходзіць дзіця і колькі яму гадоў.

65,5% удзельніц апытаньня сказалі, што іх часта абражаюць, акцэнтуючы ўвагу на іх поле. Калегі-мужчыны, паводле дэпутатак, пастаянна робяць непрыемныя і зьневажальныя заўвагі на гэтую тэму.

Прафэсарка Нканду Луо (Замбія), якая займае пасаду міністра ў пытаньнях полу, прывяла ў прыклад мужчыну-дэпутата, які сказаў, што яму падабаецца хадзіць у парлямэнт, «бо там шмат жанчын і можна выбраць любую».

Аўтары дакладу прыходзяць да высновы, што сэксуальная дыскрымінацыя, якая можа выяўляцца проста ў непрыемных заўвагах і выказваньнях, а можа прывесьці да гвалту, перашкаджае жанчынам свабодна выконваць абавязкі дэпутата, адчуваючы сябе ў бясьпецы.

Фактычна гэта сьведчыць пра тое, што нават жанчыны, якія зьяўляюцца элітай сваіх краін, не абароненыя ад сэксуальнага гвалту.

Алена Анісім, якая нядаўна стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў 6-га скліканьня, сказала, што пакуль не сутыкалася зь непаважлівым стаўленьнем з боку калег-мужчын:

Алена Анісім
Алена Анісім

«Хоць я пакуль мала прапрацавала ў парлямэнце, з такім стаўленьнем, пра якое гаворыцца ў дакладзе Міжпарлямэнцкага зьвязу, я не сутыкалася ў сьценах беларускага парлямэнту. Нааадварот, я сутыкнулася з паважлівым, дастаткова галянтным, выхаваным і культурным стаўленьнем з боку дэпутатаў-мужчын. Магчыма, жыцьцё ня зводзіла мяне зь людзьмі, якія паводзяць сябе іначай. Пакуль магу сказаць, што мужчыны ставяцца пазытыўна і добразычліва. І паліто дапамогуць апрануць, і павітаюцца заўсёды, і наперад прапусьцяць. Я б сказала, узорныя паводзіны з боку мужчын у парлямэнце. З аднаго боку, абыходлівае стаўленьне як да жанчыны, з другога — цалкам сур’ёзнае ўспрыманьне мяне як дэпутата. Ніякай паблажлівасьці няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG