Чарговы перапіс насельніцтва Беларусі пройдзе 4–30 кастрычніка 2019 году. Папярэдні праходзіў у 2009 годзе. Як і раней, зьвесткі будуць зьбіраць «пешыя» перапісчыкі, якія будуць хадзіць па кватэрах зь перапіснымі лістамі.
Нацыянальны статыстычны камітэт ужо падрыхтаваў папярэдні сьпіс пытаньняў. Базавыя пытаньні, у тым ліку пра мову, нацыянальнасьць, жыльлёвыя ўмовы ці прыбыткі, ня зьменяцца. Але маюць зьявіцца новыя пытаньні. Канчатковы варыянт перапіснога ліста ўрад зацьвердзіць у 2018 годзе.
Пра папярэдні варыянт перапіснога ліста Свабодзе расказала начальніца ўпраўленьня дэмаграфічнай статыстыкі Белстату Тацяна Бабук.
Колькі хочаце дзяцей?
Старшыня Белстату Іна Мядзьведзева раней заяўляла, што сярод новых пытаньняў будзе пытаньне пра «дэмаграфічныя ўстаноўкі». Бабук тлумачыць: мяркуецца, будуць пытаць ня толькі пра колькасьць дзяцей на момант перапісу, але і нешта накшталт «ці зьбіраецеся вы мець дзяцей і калі так, то колькі».
Пытаньне важнае, бо ў студзені-верасьні 2016 году ўпершыню з 1992-га ў Беларусі быў зафіксаваны натуральны прырост насельніцтва (на 518 чалавек).
Да чаго давучыліся?
Пашырацца і пытаньні пра адукацыю. Цяпер сярод варыянтаў адказаў будзе ня проста «вышэйшая адукацыя», а яе ступені: бакаляўрыят, магістратура, асьпірантура, дактарантура, кандыдат навук, доктар навук.
«Мяркуецца спытаць, у якой краіне атрымлівалі адукацыю, — дадае Бабук. — Але гэта толькі праект».
Што вырошчваеце на лецішчы?
У перапісе-2019 зьбіраюцца спытаць пра асабістую гаспадарку. Старшыня Белстату раней казала не хвалявацца: маўляў, пералічваць дрэвы на ўчастку ня будуць і новага падатку ад гэтага не прыдумаюць.
«Сельскагаспадарчых перапісаў не праходзіла ў Беларусі ні разу, — тлумачыць Бабук. — Калі ўжо шмат якія краіны СНД іх правялі (тая ж Расея сёлета), то мы яшчэ не. Таму сьпіс пытаньняў будзе даволі малы. Папярэдне мяркуецца спытаць пра плошчу зямельнага ўчастку, пра тое, што вырошчваюць, якія дрэвы. Такога кшталту пытаньні, літаральна на адну старонку».
Спытаюць пра мову і нацыянальнасьць, але не пра веру
Пытаньні пра мову і нацыянальнасьць плянуецца пакінуць такімі ж, як у перапісе-2009. Тады пыталі пра ўласнае разуменьне сваёй нацыянальнасьці: можна было назвацца, напрыклад, беларусам, палякам, габрэем, палешуком, літвінам ці гобітам. Пра мову было тры пытаньні: якая мова родная, на якой мове рэспандэнт размаўляе дома, якімі мовамі вольна валодае.
Пытаньня пра веравызнаньне не было ў 2009 годзе, не плянуецца і ў 2019-м.
Але мае зьявіцца пытаньне ня толькі аб пражываньні за мяжой, але і аб працы (працоўнай міграцыі).
Перапісваць будуць студэнты, пэнсіянэры і беспрацоўныя
Да працы на перапісе зьбіраюцца прыцягнуць работнікаў дзяржаўных органаў, прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, студэнтаў, пэнсіянэраў, а то і беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ў органах па працы, казала раней Мядзьведзева.
У час перапісу 2009 году студэнты скардзіліся на прымус да працы на перапісе насельніцтва. Тады за перапіс плацілі 50 даляраў. У 2019 годзе дадатковых выплат не плянуецца, але перапісчыкам абяцаюць кампэнсаваць заробкі ці стыпэндыі за час удзелу ў перапісе, а таксама дазволіць бясплатны праезд на грамадзкім транспарце.
Прымусова да перапісу абяцаюць не прыцягваць ні ў якім разе, запэўнівае Бабук. Проста магчыма, што нехта з пэнсіянэраў ці беспрацоўных захоча ўзяць удзел у перапісе.